Ігар Барысаў: У Беларусі зараз – прававы Чарнобыль



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў разважае пра ўзмацненне рэпрэсій у краіне.

Ігар Барысаў: Разумею, што рэжым зараз праз сілавыя метады спрабуе вярнуць грамадства ў той стан, у якім яно знаходзілася да выбараў, але не думаю, што ім гэта ўдасца зрабіць. У ранейшы хлеў, у які стараюцца ізноў загнаць народ, ён ужо не пойдзе.

І жорсткія метады больш нярвуюць грамадства, бо мы бачым, што яно якраз праз гвалт з боку рэжыма і кансалідавалася. Сярод людзей з’явіліся лакальныя супольнасці, і гэта ніякім чынам нельга забараніць.

РР: Мясцовыя супольнасці – гэта тое, што нават у Еўропе спрабуюць штучна арганізаваць…

Ігар Барысаў: Так, а ў Беларусі гэтая з’ява сама з’явілася, што само па сабе  – вялікая каштоўнасць. Мясцовая супольнасць – гэта заўсёды канцэнтрацыя ідэй, крэатыву і развіцця.

І гэтае грамадства ўжо ніколі не вернецца назад, а на наступных выбарах людзі з лакальных супольнасцей не проста будуць крэатывіць і арганізоўваць культурніцкія мерапрыемствы, а могуць нават актыўна пайсці ў палітыку. І на гэтым этапе можа адбыцца супрацоўніцтва з існуючымі палітычнымі партыямі.

РР: Ці будуць нейкія крокі рэжыму насустрач грамадству?

Ігар Барысаў: Пакуль такіх крокаў я не бачу. Яны пакуль дзейнічаюць такімі метадамі – збіваць, забіваць, кідаць за краты, штодзень заводзіць новыя крымінальныя справы.

Хаця зараз яны ўжо як быццам успомнілі пра апазіцыйныя палітычныя партыі. Але навошта ўспамінаць, калі вы 26 гадоў іх знішчалі? Можа быць, хочуць прыцягнуць да так званага “дыялога”? Хочуць зрабіць бачнасць працэса? Хаця ўсім зразумела, што ніякага дыялога ў такіх умовах няма і быць не можа.

Пакуль рэжым робіць усё магчымае па абмежаванні правоў і свабод грамадзян. У Беларусі зараз прававы Чарнобыль, прававы нігілізм. Законы не працуюць, людзей збіваюць, удзельнікі выбарчай кампаніі да гэтага часу знаходзяцца за кратамі. Дык пра які дыялог можна казаць у такіх умовах?

Дыялог пад дручкамі – гэта не дыялог, хаця перамовы весці трэба. Найперш трэба патрабаваць спыненне гвалту ў краіне, выхад на волю ўсіх палітвязняў і паўторныя выбары з прысутнасцю ва ўчастковых камісіях прадстаўнікоў ад грамадства ці апазіцыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: БелаПАН