Ігар Барысаў: У грамадстве заўсёды быў запыт на яднанне



Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў адказаў тым, хто крытыкуе ініцыятыву па абранні адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.

Нагадаем, што лідары руху «За Cвабоду» Юрась Губарэвіч, БХД Віталь Рымашэўскі, старшыні АГП Мікалай Казлоў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і БНФ Рыгор Кастусёў абвясцілі аб праймерыз, які закончыцца Кангрэсам дэмакратычных сілаў у траўні. У выніку павінен з’явіцца адзіны кандыдат у прэзідэнты ад пяці дэмакратычных сіл. Зараз гэтую ініцыятыву многія крытыкуюць, але ці слушна?

Ігар Барысаў: Добра, што зараз для людзей з’явілася нагода некага крытыкаваць. З’явіўся яшчэ адзін аб’ект для крытыкі. І гэтую з’яву можна патлумачыць.

У нашым грамадстве склалася такая сітуацыя, што, як бы ты не аб’ядноўвася, што б не рабіў, усё гэта ўсё роўна прыводзіць да загадзя зразумелага выніку. Таму некаторыя мяркуюць так: калі выніку няма, то лепш наогул нічога не рабіць, а вы, маўляў, не на аб’яднанне працуеце, а імітуеце працэс.

РР: Вы з гэтым не згодны?

Ігар Барысаў: Прабачце, але раней і ў грамадстве, і ў асяродку многіх дэмакратычных структур быў запыт на яднанне і адзінства апазіцыі. Фактычна, пачынаючы з 2005 года, аб’ядналася так званая класічная апазіцыя – найбольш прадстаўнічыя і яркія арганізацыі, якія прадстаўлены на дэмакратычным полі.

Вялікі шквал крытыкі ў наш адрас якраз і датычыцца таго, ці здолее наш саюз быць устойлівым, і ці здолее такая канфігурацыя палітычных арганізацый сабраць 100 тысяч подпісаў на вылучэнне кандыдата ў прэзідэнты для таго, каб вярнуць маральнае аблічча апазіцыі. Яно было крыху сапсавана ў 2010 годзе, калі быў парад кандыдатаў, і ў 2015 годзе, калі былі фэйкавыя кандыдаты. Сёння мы маем цудоўную магчымасць выйсці на ўзровень 2001 года, каб паказаць, што апазіцыя можа аб’яднацца, і ў краіне ёсць альтэрнатыва дзеючай уладзе. Гэта будзе аб’яднанне структур, якія паказалі, што здольныя працаваць разам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота БелаПАН

[manual_related_posts]