Ігар Барысаў: Улады пачалі працаваць па старой рэпрэсіўнай схеме



Лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў распавёў, як улады выкарыстоўваюць пратэстны патэнцыял у сваіх мэтах.

Ігар Барысаў: Калі ўладам было выгодна, каб у Менску праходзілі акцыі ў абарону незалежнасці, то яны гэтаму і не перашкаджалі. Калі б хацелі перашкодзіць, то былі б прэвентыўныя затрыманні. Некаторым нават выпісвалі “суткі” адміністрацыйнага арышту, але адпраўлялі з суда дадому. Як быццам давалі сігнал – можаце ісці на акцыю.

Улады выкарыстоўвалі гэты момант падчас перамоваў з Пуціным, і, мяркую, аргумент быў даволі дзейсны. Але, як толькі сітуацыя з інтэграцыяй “правісла”, беларускі рэжым пачаў працаваць па той рэпрэсіўнай схеме, што была раней. Прыняў удзел у акцыі, якая не была дазволена, то атрымай штраф альбо суткі зняволення.

РР: Адным словам, нічога не змянілася?

Ігар Барысаў: Мяркую, і не зменіцца, бо перавыхаваць гэтую ўладу ўжо немагчыма. Проста яна дзейнічае па-рознаму ў розных умовах. Гэта залежыць і ад нейкіх унутраных, і найперш ад знешніх палітычных і эканамічных раскладаў.

А рэпрэсаваць будуць і надалей. І не важна, якую тэму падымалі людзі падчас акцый – ці то справядлівыя выбары, ці то незалежнасць краіны. А такая вялікая колькасць судоў зараз – гэта своеасаблівая перасцярога напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць сёлета.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]