Ігар Гіркін: Беларусь ідзе па шляху Украіны



У перспектыве за Беларусь давядзецца напэўна ўжо неяк нам змагацца, каб яна засталася ў складзе „расейскага свету”.

Пра гэта падчас сустрэчы з прыхільнікамі заявіў былы міністр абароны так званай Данецкай Народнай Рэспублікі, экс-супрацоўнік ФСБ Расеі Ігар Гіркін (Ігар Стралкоў):

– Беларусь паволі, але мэтанакіравана, няўхільна і даўно ідзе па шляху Украіны, з пункту гледжання фармавання літвінскай нацыі. Не беларускай, а менавіта літвінскай, з пункту гледжання змены ідэнтыфікацыі асноўнай часткі моладзі з расейскай на літвінскую, на польска-літвінскую прычым. Я гэты працэс назіраю з 2005 года, калі я быў у камандзіроўцы ў Менску па службе, адкрыта ён ішоў ужо тады. У перспектыве за Беларусь давядзецца напэўна ўжо неяк нам змагацца, каб яна засталася ў складзе „расейскага свету”, хаця яшчэ 10-15 гадоў ні за што змагацца не трэба было б пры пэўным раскладзе, калі б у нас была нацыянальная ўлада. Цяперашняй уладзе ўвогуле нічога не патрэбна акрамя трубаў і даходаў з гэтых трубаў, што яна і дэманструе.

Ігар Стралкоў — адзін з актыўных удзельнікаў канфлікту на Данбасе. Ён кіраваў апалчэннем у Славянску, пасля чаго ўкраінскія ўлады абвясцілі пра правядзенне антытэрарыстычнай аперацыі. Быў міністрам абароны ДНР ды адным з ідэолагаў так званай „Наваросіі”. Былы вайсковец і адстаўны палкоўнік ФСБ, мае ў Расейскай Федэрацыі статус ваеннага пенсіянера.

Беларускае Радыё Рацыя