Ігар Тышкевіч: Лукашэнку патрэбныя падкантрольныя партыі



У Беларусі ўсплыла тэма партыйнага будаўніцтва, якую ўзгадаў яе кіраўнік Лукашэнка на нарадзе „Актуалізацыя метадаў працы з насельніцтвам на мясцовым роўні”. Паводле яго, цывільнае грамадства павінна арыентавацца на дыялог з уладай. Пра які дыялог мова?

Наш карэспандэнт пагутарыў з „Госцем Рацыі” аналітыкам Ігарам Тышкевічам:

– Пытанне ў тым, што перад гэтым Лукашэнка казаў, што БРСМ і „Белая Русь” фактычна не выканалі, як ён лічыў, функцыі па перахопу парадку дня ў іншых грамадскіх арганізацый. Тут пытанне не ў тым, з каго ствараць, пытанне ў тым, на якія групы ствараць. Як раз да месца будзе згадаць дыскусію, якая доўжыцца прыкладна год. Нядаўна зрабілі больш шырокі фармат па групах, але па вялікім рахунку мы маем патавую сітуацыю. Гэта прыкладны баланс такой ярай падтрымкі Лукашэнкі, гэта яго электаральная база, а таксама актыўнага ядра пратэсту, які зараз называюць прадэмакратычны электарат. Гэта дзесьці каля 20-25% сумарна ў кожнага з бакоў. Чаму я кажу каля, бо ў выпадку, калі мы абапіраемся на адпаведнае даследаванне, то трэба браць да ўвагі, што яно не ахоплівае сельскую тэрыторыю, а гэта 22,5% насельніцтва. Калі ты маеш толькі 1/4 ці 1/5 ад колькасці выбаршчыкаў, то гэтага замала для таго, каб спакойна глядзець у будучыню. Тым больш, што больш за палову з рознымі ступенямі ўпадабанняў да розных лагераў знаходзяцца не тое, што ў пасіўным стане, але не знаходзяць выразнікаў сваіх інтарэсаў ні ў дачыненні да Лукашэнкі ні ў групе яго праціўнікаў. Адпаведна задача, што задумвае Лукашэнка і ягоныя кансультанты, гэта выйсці на гэтыя групы. З пункту гледжання свайго электаральнага ядра, то ўсё нармальна, яны радуюцца, клянуць „агрэсіўны Захад” і „моляцца” на вялікага і магутнага Аляксандра Рыгоравіча. Там працаваць моцна не трэба. А вось выхадам на іншыя групы, тут не ладзіцца таму, што нават людзі, якія схільныя больш да аўтарытарнай павесткі, яны не ёсць прыхільнікамі Лукашэнкі. Гэта азначае, што некаторыя тэзы не даходзяць або даносяцца не так, я ўжо не кажу пра іншыя – нейтральныя, апаненты і г.д. Адпаведна калі ты хочаш мець стабільную будучыню, або для пераемнасці, або для правядзення электаральных кампаній хаця б з адноснай свабодай без нечаканасцяў, ты мусіш мець нейкую базу падтрымкі. Адносна спакойна – гэта база не ніжэй за 45%. Цяпер звычайная арыфметыка – 20-25% гэта не 40%. Для таго каб выжыць, каб утрымацца Лукашэнку трэба выйсці на новыя групы. БРСМ, „Белая Русь”, прадстаўнікі Гайдукевіча, камуністы – гэта ўсё прадстаўнікі старай групы, яны не вырашаюць гэтай задачы. Таму я не выключаю, што будзе фармавацца адзін ці два новых палітычных праекта. Пытанне толькі хто, якімі сіламі, якімі грошамі гэта будзе рабіць. Плюс яшчэ адна магчымасць – гэта гульня Расейскай Федэрацыі, якой таксама вельмі хочацца мець палітычную інфраструктуру, каб ствараць альтэрнатыву Лукашэнку. Для гэтага таксама патрэбная сетка грамадскіх арганізацый і адна ці дзве палітычныя партыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]