Ігара Аліневіча перавялі ў іншы атрад



Пагаршэнне – такую тэндэнцыю ў становішчы палітычных вязняў заўважаюць іх родныя і блізкія. Улады імкнуцца стварыць вакол палітычных вязняў інфармацыйную блакаду. Так, паводле Валянціны Аліневіч, яе сын, Ігар Аліневіч, у час кароткай сустрэчы з бацькамі ў калоніі „Віцьба-3” расказаў, што яму не даходзяць лісты і газеты. Але хлопец трымаецца добра:

– Настрой у яго заўжды добры, калі нас бачыць, і ў нас тады таксама. Затое пасля сустрэчы робіцца сумна, што такія людзі, як ён, знаходзяцца за кратамі. Яго перавялі ў новы атрад. Там новыя людзі. Усё больш былыя чыноўнікі, пракурорскія, міліцэйскія работнікі, былыя суддзі – вось такія людзі. Ігару не вельмі падабаецца. Ён аддае перавагу простым людзям, у якіх душы здаровыя.

Ігара Аліневіча арыштавалі ў лістападзе 2010 году, пазней асудзілі на 8 гадоў зняволення за злоснае хуліганства і пашкоджанне маёмасці. Праваабаронцы адзначаюць, што суд над Ігарам Аліневічам адбываўся з шэрагам парушэнняў, і таму яго нельга лічыць законна асуджаным.

Беларускае Радыё Рацыя