Ігару Лялькову адмовілі ва ўдзеле ў семінары супраць карупцыі



Прадстаўніку грамадскага аб’яднання БНФ „Адраджэнне” Ігару Лялькову было адмоўлена ва ўдзеле ў семінары, прысвечаным супрацьдзеянню карупцыі. Мерапрыемства арганізавана Радай Еўропы і Генеральнай пракуратурай Беларусі ў рамках праектаў Рады Еўропы па падрымцы Усходняга партнёрства. Па словах Ігара Лялькова, яго кандыдатура была прапанавана пасля адпаведнага звароту ад імя арганізатараў да зацікаўленых грамадскіх арганізацый удзельнічаць у семінары. Аднак кандыдатура прадстаўніка грамадскага аб’яднання БНФ „Адраджэнне” была адхілена арганізатарамі

– У лісце з Рады Еўропы адзначана, што арганізацыя з’яўляецца надта палітызаванай і сама мая кандыдатура, мой папярэдні досвед таксама надта палітызаваны. На гэтай падставе фактычна было адмоўлена ва ўдзеле ў семінары, хаця тэма супрацьдзеяння карупцыі для нашай арганізацыі з’яўляецца вельмі важнай. У нас ёсць пэўныя напрацоўкі, і ў тым ліку сам я з’яўляюся аўтарам даследвання, прысвечанага супрацьдзеянню карупцыі ў Беларусі.

Ігар Лялькоў не выключае, што збываюцца прагнозы аб тым, што прадстаўнікі Захаду могуць весці дыялог з уладамі Беларусі, ігнаруючы дэмакратычную апазіцыю. „Хаця гэта не сведчыць, што еўрапейскія палітыкі зусім не будуць кантактаваць з беларускай апазіцыяй, аднак там, дзе можна згуляць з уладамі нават за кошт інтарэсаў апазіцыі, практыка ўжо сведчыць, такія прыкрыя выпадкі могуць здарацца,” – сказаў Ігар Лялькоў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя