Ілля Дабратвор: Выбарчая кампанія праходзіць у тэставым рэжыме



Кандыдат у дэпутаты па Лагойскай акрузе №75 Ілля Дабратвор падзяліўся сваімі ўражаннямі ад перадвыбарчай кампаніі.

Ілля Дабратвор: Зараз для многіх праўладных кандыдатаў надыйшоў зорны час, калі можна паабяцаць што заўгодна, і вам за гэта нічога не будзе. І спытаць затым не будзе з каго. Напрыклад, я падчас дэбатаў праўладнаму кандыдату так і сказаў: “Вы зараз столькі вады налілі, што мы тут усе патонем”.

РР: Як увогуле праходзіць для вас агітацыйны перыяд?

Ілля Дабратвор: Рэальных выбараў у краіне няма, а значыцца няма і рэальнай агітацыі. Гэта нікому не цікава. Усё, як кажуць, праходзіць у тэставым рэжыме. На што ў нашай краіне можа разлічваць на выбарах апазіцыйны кандыдат пры сённяшняй сістэме падліку галасоў? І ад гэтага падчас агітацыі становіцца яшчэ больш сумна. Я нават нікога не заклікаю галасаваць за мяне.

РР: Сустрэчы з выбарцамі будзеце ладзіць?

Ілля Дабратвор: Так, планую пікеты ў Калодзішчах, займаюся друкам улётак. Але, зразумела, што фінансы абмежаваныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота facebook.com