Ілья Дабратвор паспрабуе ўзначаліць Партыю БНФ



35-гадовы прадпрымальнік Ілья Дабратвор стварае ініцыятыўную групу па вылучэнні на пасаду старшыні Партыі БНФ, чарговы справаздачна-выбарны з’езд якой павінен адбыцца не пазней за 11 кастрычніка.

Першы сход групы прайшоў 10 лютага ў Менску. У ім узялі ўдзел восем актывістаў партыі.

„Партыя БНФ — гэта мая партыя па духу. Я з 1990-х назіраў за ёй, прыходзіў у офіс, браў улёткі, раздаваў іх. Адзінае, не ўступаў у партыю, бо вакол яе тады было шмат расколаў, незразумелай гульні, не хацелася у гэтым удзельнічаць, — паведаміў БелаПАН Дабратвор. — Афіцыйна я аформіў членства ў партыі ў 2013 годзе, калі, на маю думку, ёй патрэбная была мая дапамога. Да таго ж партыя ўжо супакоілася, у ёй не было ўнутранай барацьбы, яна стала больш празрыстай і больш дэмакратычнай”.

Свае перавагі ў барацьбе за старшынства ў партыі Дабратвор бачыць у „маладосці і адсутнасці савецкага вопыту ўдзелу ў палітыцы”. „На жаль, людзі савецкай школы пры ўсёй іх дэмакратычнасці застаюцца па менталітэце людзьмі савецкімі. Лічу, што іх эпоха паволі адыходзіць, у тым ліку і ва ўладзе. Улада маладзее, пазбаўляецца ад савецкага наменклатурнага баласту. І нам прыйшоў час абнаўляцца”, — сказаў ён.

Пры гэтым Дабратвор адзначыў, што Партыя БНФ заўсёды адрознівалася тым, што „людзі на чале арганізацыі па 25 гадоў не сядзелі”. „Партыя абнаўлялася, захоўваючы свой ідэалагічны складнік. І я яе змяняць не збіраюся”, — падкрэсліў ён.

Дабратвор таксама паведаміў, што ў яго ёсць „праграма тэхнічных змен”, скіраваная на тое, каб зразумець, якое становішча партыі ў рэгіёнах, што трэба памяняць, „каб разбіць негатыўны арэол, які сфармавала вакол партыі дзяржаўная прапаганда”.

„Хочацца канчаткова разбурыць сістэму схаваных перамоў, барацьбы, дамаўленняў, перацягванняў, подкупу ў рэгіёнах, сысці ад усіх гэтых савецкіх наменклатурных рэчаў. На жаль, людзі, якія калісьці стваралі БНФ, не здолелі ад гэтага пазбавіцца. Усё, што было дрэннага ў КПСС, перайшло і ў дэмакратычныя структуры”, — заявіў Дабратвор.

Акрамя таго, ён хоча прыцягнуць увагу да беларускай палітыцы. „Цяпер большасць насельніцтва цікавіцца хутчэй прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША, чым унутранай палітыкай. Нам трэба рабіць палітыку больш цікавай, каб на яе быў попыт ўнутры краіны”, — заявіў Дабратвор.

Дзейны старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч не зможа чарговым разам вылучацца на пасаду кіраўніка арганізацыі. У 2011 годзе ў статут арганізацыі былі ўнесеныя змены, якімі працягласць кіравання партыяй адной асобай была абмежаваная двума тэрмінамі запар.

belapan.by