Імпічмент Дональду Трампу праваліўся



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прадказальна апраўданы сенатам па ўсіх пунктах абвінавачвання па справе аб імпічменце, што азначае правал працэсу.

Амерыканскія заканадаўцы прызналі кіраўніка дзяржавы невінаватым як ва злоўжыванні ўладай, так і ў перашкодзе працы Кангрэсу. За яго апраўданне па першым пункце свае галасы аддалі 52 са 100 сенатараў, па другім – 53. Такім чынам, не было набрана двух трацін галасоў (67), патрэбных для прызнанння Трампа вінаватым і адхілення яго ад улады.

Дэмакраты палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ініцыявалі ў дачыненні Трампа працэдуру імпічменту ў верасні 2019 года. 15 студзеня стала вядома, што ніжняяя палата парламенту прагаласавала за перадачу справы ў сенат. 31 студзеня правалілася галасаванне пра выклік у сенат сведкаў па справе аб імпічменце.

Дэмакраты намерваліся даказаць, што амерыканскі прэзідэнт рабіў ціск на ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага для таго, каб той дапамог у расследаванні карупцыйнай справы супраць сына Джо Байдэна. Гэтага палітыка называлі сама перспектыўным апанентам Трампа на выбарах кіраўніка дзяржавы ў 2020 годзе. Аднак праймерыз дэмакратаў пакуль гэта не пацвердзіў.

Працэс імпічменту, які завяршыўся, стаў трэцім у гісторыі ЗША, У 1868 годзе сенатары апраўдвалі Эндру Джонсана, а ў 1999-ым – Біла Клінтана. Яшчэ адна спроба іміпічменту не была завершана: у 1974 годзе Рычард Ніксан пайшоў у адстаўку да канчатковага разгляду пытання.

Беларускае Радыё Рацыя