Іншаземцам дазволяць не запаўняць міграцыйныя карты пры ўездзе ў Беларусь



Замежнікам дазволяць не запаўняць міграцыйныя карты пры ўездзе ў Беларусь. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык 13 красавіка на брыфінгу ў Менску.

Паводле яго слоў, 5—7 красавіка ў Гародні прайшло 15-е пасяджэнне міждзяржаўнай міжведамаснай рабочай групы па выпрацоўцы рэкамендацый па правядзенні ўзгодненай міграцыйнай палітыкі Беларусі і Расеі.

На пасяджэнні ў ліку іншых абмяркоўвалася тэма стварэння адзінай міграцыйнай прасторы. Быў падпісаны пратакол аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у міжурадавае пагадненне аб выкарыстанні міграцыйнай карты адзінага ўзору ад 5 кастрычніка 2004 года. „Адпадзе неабходнасць запаўнення міграцыйных карт пры ўездзе іншаземцамі, якія часова i пастаянна пражываюць у Расеі, што ўязджаюць у РФ, а таксама ўсімі катэгорыямі іншаземцаў, якія ўязджаюць у Беларусь, за выключэннем тых, што едуць транзітам у Расею”, — сказаў Мірончык.

Ён падкрэсліў, што для ўваходжання ў сілу пратакол павінен прайсці праз унутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі.

На сустрэчы групы таксама абмяркоўвалася тэма ўзаемнага прызнання віз і іншых дазволаў на ўезд, перш за ўсё для мэтаў транзіту. „Гэта адзін з шляхоў, якім мы можам прыйсці да рашэння пытання, якое нашы расійскія партнёры з мінулага года сталі лічыць праблемным. Маю на ўвазе пытанне перасячэння беларуска-расійскай мяжы грамадзянамі трэціх краін, — сказаў Мірончык. — Варыянты ўрэгулявання ёсць, у тым ліку тыя, што ляжаць у рэчышчы ўказа прэзідэнта Беларусі № 8 аб усталяванні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян”.

Мірончык адзначыў, што падчас сустрэчы з расейскімі калегамі абмеркавалі пытанні дзеяння гэтага ўказа і асаблівасці прымянення, закранулі меры кантролю за замежнікамі, якія ўехалі ў Беларусь у адпаведнасці з гэтым дакументам, і абмяняліся статыстычнымі данымі аб міграцыйных патоках у абодвух напрамках. „Будуць яшчэ пытанні — будзем абавязкова адказваць”, — падкрэсліў Мірончык.

Ён нагадаў, што на мінулым тыдні была апублікаваная пастанова Савета міністраў Беларусі ад 5 красавіка 2017 года № 253. „Яна была прынятая, каб „дашліфаваць” асобныя моманты, звязаныя з выдачай віз, — сказаў Мірончык. — У прыватнасці, стала больш дакладным і адназначным тлумачэнне існуючай льготы па выдачы кароткатэрміновых віз тэрмінам дзеяння да 30 сутак без дадатковага падавання дакументаў візавай падтрымкі грамадзянам краін, паспяховых у міграцыйных адносінах”.

Акрамя таго, пастановай пашыраныя паўнамоцтвы службовых асоб галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС. „Менавіта яны кіруюць працэсам выдачы віз у консульскім пункце ў нацыянальным аэрапорце Мінск, — растлумачыў Мірончык. — У прыватнасці цяпер яны змогуць выдаваць асобныя мэтавыя падтыпы кароткатэрміновых віз на падставе копій дакументаў візавай падтрымкі або без падавання такіх, выдаваць турыстычныя візы тэрмінам да 10 дзён на падставе пацвярджэння броні пражывання. Аналагічныя паўнамоцтвы раней былі толькі ў консульскіх супрацоўнікаў дыппрадстаўніцтваў за мяжой”.

Мірончык назваў гэта „своеасаблівай страхоўкай, магчымасцю атрымаць візу для тых замежных грамадзян, якія прыбылі ў Беларусь з намерам бязвізавага перасячэння дзяржаўнай мяжы ў межах указа № 8, але не патрапілі ў вызначаную ўказам катэгорыю”.

belapan.by