Іосіф Сярэдзіч прапанаваў Лукашэнку правесці агульнанацыянальны круглы стол



Галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты „Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч прапанаваў Аляксандру Лукашэнку правесці агульнанацыянальны круглы стол і выказаў гатовасць стаць пасрэднікам паміж прадстаўнікамі ўлады і апазіцыі.

Пра гэта Сярэдзіч заявіў у адкрытым лісце ўдзельнікам „Вялікай размовы”, на якой Лукашэнка 9 жніўня гутарыў з прадстаўнікамі СМІ і на якую галоўны рэдактар не атрымаў акрэдытацыю.

Паводле слоў Сярэдзіча, некалькі гадоў таму ён ужо прапаноўваў арганізаваць агульнанацыянальны круглы стол і Лукашэнка папрасіў яго пісьмова выкласці „канцэпцыю пошуку рашэнняў па спрэчных пытаннях на аснове кампрамісу і дзелавога канструктывізму, якія базуюцца на прыярытэце нацыянальных інтарэсаў”. Сярэдзіч перадаў такі дакумент, але адказу не атрымаў.

„Прапаноўваю, Аляксандр Рыгоравіч, вярнуцца да гэтага, лічу, архіважнага пытання, — напісаў Сярэдзіч. — Толькі сёння выстаўляюцца абсалютна новыя ўмовы. На мой погляд, нельга садзіцца ні за круглы, ні за квадратны стол, пакуль у турмах зняволеныя сотні апанентаў улады. Я не маю на ўвазе тых, хто, магчыма, па нейкай прычыне стаў на тэрарыстычны шлях. За калючым дротам пакутуе нямала людзей, якія праявілі ў мірных формах сваю грамадзянскую актыўнасць, адстойваючы законнасць і справядлівасць”.

Арганізацыя круглага стала, мяркуе галоўны рэдактар „Народнай Волі”, мае на ўвазе „адмову ад радыкальнай метадалогіі палітычных паводзінаў усіх суб’ектаў перамоўнага працэсу, імкненне да збліжэння пазіцый на аснове базавых каштоўнасцяў: абароны суверэнітэту і незалежнасці краіны, захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, сацыяльна-палітычнай стабільнасці”.

„Пры агульнай зацікаўленасці ў прасоўванні дэмакратычнага ўладкавання дзяржавы трэба агульнымі намаганнямі шукаць найбольш прымальныя варыянты ўдасканалення выбарчай сістэмы, выпрацоўкі новых механізмаў абароны правоў чалавека, рэгулявання балансу галін улады і г.д.”, — падкрэсліў Сярэдзіч.

Таксама ён прапанаваў уладзе і апазіцыі „свае асабістыя паслугі ў выглядзе парламенцёрскіх крокаў”.

„За маімі плячыма вялікі жыццёвы досвед, я знаёмы практычна з усімі найважнейшымі фігурантамі як па адзін бок барыкад, так і па іншы. І я гатовы прыкласці ўсе намаганні для таго, каб іх дыялог стаў рэальным ужо ў найбліжэйшай перспектыве, — заявіў 71-гадовы галоўны рэдактар. — Маё крэда — мір і спакой у краіне, трэба як мага хутчэй пагасіць палітычны крызіс, аднавіць ранейшы прэстыж Беларусі на міжнароднай арэне. І тут на першы план вылучаецца неабходнасць правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў з захаваннем дэмакратычных працэдур”.

БелаПАН