Ірэна Бярнацкая: У нас унутры вайна – гэта страшна
Наша сённяшняя госця – актывістка Саюза палякаў у Беларусі, карэнная лідзянка, верніца Ірэна Бярнацкая.
За сваю неабыякавасць да людзей і краіны не аднаразова трапляла пад пераслед, прайшла праз арышты, а цяпер вымушана жыве ў Польшчы. На размову запрашае Яна Запольская.
РР: Як цяпер выглядае грамадскае жыццё польскай нацменшасці на Лідчыне?
– Вельмі балюча, бо не зробіш тых вясёлых імпрэзаў, бо ведаем колькі людзей у турмах сядзіць, моладзі. Бяда аб’ядноўвае людзей, мае людзі яны аб’яднаныя, дапамагаюць адзін адному. Мы пастаянна трымаем кантакты паміж сабой.
РР: Такое вельмі прыватнае пытанне, што Вам вера дае ў жыцці?
– Я верніца, але я заўсёды задаю пытанне Богу: „За што ты мяне так любіш”? Можа таму, што я блудная такая, нядобрая верніца, можа таму. Без веры чалавек – гэта нішто, гэта не чалавек. Толькі з верай, з верай можна перамагчы ўсё. Вера – гэта тое, што ты маеш унутры, вось гэта вера. Калі вера ёсць, то ты маеш нутро. Гэта ўвесь час цябе мучыць, гэта цяжка, але калі яно ўнутры кажа ідзі, то ты мусіш ісці, калі маеш веру. Калі не маеш веру, то стараешся выкруціцца, знайсці выгаду сабе. Выгады ў жыцці няма, за ўсё трэба заплаціць. Мне ж не 15 гадоў, гэта вынік майго жыцця.
РР: За што былі пазнейшыя пратаколы, якія склалі пасля прэзідэнцкіх выбараў?
– Пратакол быў 12-га жніўня. Выйшлі мы на вуліцу, жанчын выходзілі тады. Вось вы кажаце вера, тут ужо далучыўся Бог да гэтых спраў. Выйшлі жанчыны, я іду па вуліцы, а гэтыя дзяўчаты ад выканкаму да Дому гандлю лётаюць, усюды стаіць міліцыя, іду я. Я кажу: „Дзяўчаты, крыж, маліцца давайце, давайце маліцца!”. Мы на аўтамаце пачалі маліцца, што б’юць людзей, брат брата, гэта ж не вайна з ворагам, гэта ў нас унутры вайна – гэта страшна. Ад 12-га жніўня прыходзілі кожны дзень маліцца а 18-й гадзіне. А 18-й пачыналася і дзве гадзіны маліліся мы. 1-га верасня прыехала міліцыя. Яны кожны дзень прыязджалі, здымалі, забіралі людзей. Мы там маліліся, ужо прызвычаіліся да гэтага, так скажу. Пазней чуем, што пачынаюцца крыкі, там дзяўчаты крычаць, хлопцы. Я не вытрымала, устала, падняла ружанец, кажу: „Мы жывем у адным горадзе, гэта ўсё робіцца каля касцёла. Яны ж нічога не робяць, людзі проста стаяць”. Пайшла дахаты, а праз дзесяць дзён склалі пратакол і быў суд. Першы суддзя Федаровіч адразу аддаў на дапрацаванне маю справу, рахунак сумлення не дазволіў. А пасля наш вядомы Філатаў адсудзіў добра. Другі раз захварэла 23-га верасня на каронавірус. Не была цэлы месяц нідзе, бо цяжка хварэла. Пайшла ў касцёл, пасля пайшла ў краму ў Дом гандлю, а там ішлі людзі, а пасля столькі АМАПу. Жанчыне газ пусцілі, я далёка была, яна павалілася . Я стала крычаць: „Выклічце хуткую дапамогу!”. Не памятаю як мне апранулі маё шырокае паліто на галаву. Я апынулася ў Лідскім РАУСе, яны мяне схапілі, сказалі:”Чаго ты сюды выйшла? Хочаш, як на Украіне?”. Я кажу: „Я на Украіне не была, я не ведаю, як на Украіне”. Я кажу, што не хачу, каб людзі паміралі пры мне. Пасля ўжо прасядзела ў Следчым ізалятары, праз два дні быў суд і асудзілі мяне зноў. Далі мне штраф зноў 50 базавых. Трэці раз, тут зноў Бог грае ролю. Ведала, што ў Ашурка будзе апошні суд, суд будзе адкрыты. Я прыйшла, людзі прыйшлі, за гэта была пакараная.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Нашай госцяй была Ірэна Бярнацкая, дзяячка Саюза палякаў, якая вымушана пакінула родную краіну. У Беларусі яна надалей з’яўляецца падазраванай па так званай “польскай справе”, гэта крымінальная справа аб “распальванні варожасці”.
Беларускае Радыё Рацыя
