Каардынацыйная рада: Дзейнасць КР працягваецца



Дзейнасць Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі будзе працягвацца, нягледзячы на затрыманні членаў яе прэзідыума. Такое паведамленне распаўсюдзіла КР.

У ім нагадваецца, што 6 верасня ў рэгламент рады былі ўнесеныя наступныя змены: „Усе рашэнні КР прымаюцца галасаваннем членаў прэзідыума, а ў выпадку немагчымасці прыняцця рашэння прэзідыумам (у тым ліку пры арышце членаў прэзідыума, знаходжанні іх за мяжой) рашэнні прымаюцца ў аператыўным парадку галасаваннем у афіцыйным канале КР”. „Дзейнасць КР працягваецца, і прыняцце рашэнняў магчымае”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Незадоўга да гэтага Каардынацыйная рада выступіла з заявай, у якой запатрабавала вызвалення ўсіх затрыманых членаў прэзідыума і сакратарыята КР. „Мы бачым, што ўлада замест таго, каб пачаць дыялог, працягвае дзейнічаць з дапамогай сілы, пагроз, запалохвання і націску. Каардынацыйная рада патрабуе неадкладна вызваліць Марыю Калеснікаву, Максіма Знака, Сяргея Дылеўскага, Лілію Уласаву, а таксама пацвердзіць магчымасць свабоднага вяртання Вольгі Кавальковай, Паўла Латушкі, Святланы Ціханоўскай, Івана Краўцова і Антона Раднянкова ў Беларусь”, — гаворыцца ў заяве.

belapan.by