Кабмін Украіны прапанаваў увесці санкцыі ў дачыненні да 52 грамадзян Беларусі



Кабінет міністраў Украіны ўнёс на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) прапанову па прымяненні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных мер да фізічных асоб Рэспублікі Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні ўрада № 749 ад 7 ліпеня.

Меры прапаноўваецца ўвесці ў дачыненні да 52 грамадзян Беларусі. Гаворка ідзе аб прымяненні абмежавальных мер да фізічных асоб, якія маюць дачыненне, на думку Кабінета міністраў Украіны, да фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама да парушэнняў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, запалохванняў, рэпрэсій, гвалтоўнага задушэння мірных пратэстаў, прымянення катаванняў, затрыманняў, у тым ліку грамадзян Украіны. Санкцыі прадугледжваюць замарожванне актываў, а таксама забарону на ўезд ва Украіну.

Згодна з распараджэннем Кабінета міністраў, на працягу месяца санкцыйны спіс перададуць на разгляд РНБА. Тэрмін дзеяння санкцый будзе абмежаваны трыма гадамі. У праекце дакумента адзначана, што ўкраінскі бок рыхтуе санкцыі з улікам рашэнняў Савета Еўразвяза ад 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 года.

ЕЗ са жніўня мінулага года ўвёў чатыры пакеты санкцый, пад якія трапілі 166 фізічных і 15 юрыдычных беларускіх асоб.

24 чэрвеня ЕЗ таксама ўпершыню ў гісторыі ўвёў сектаральныя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі.

belapan.by