Кабякоў падвёў вынікі старшынства Беларусі ў ЦЕІ



Беларусь разглядала старшынства ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве як магчымасць актывізаваць свой удзел у працэсах рэгіянальнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін ЦЕІ ў Менску.

Беларусь упершыню старшынствавала ў ЦЕІ. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва створана ў 1989 годзе для прадухілення новых раздзяляльных ліній у Еўропе. За гэтыя гады ЦЕІ даказала, што яе патэнцыял па-ранейшаму запатрабаваны. На думку Андрэя Кабякова, гэта асабліва відавочна на фоне ўзнікнення такіх маштабных выклікаў, як міграцыйны крызіс і пагроза тэрарызму.

„Беларускае старшынства ў ЦЕІ мы разглядалі, перш за ўсё, як магчымасць актывізаваць удзел у працэсах рэгіянальнай інтэграцыі і супрацоўніцтва. На гэта быў, у прыватнасці, нацэлены праведзены на мінулым тыдні ў Мінску буйны бізнес-форум ЦЕІ, – адзначыў Андрэй Кабякоў. – Мы таксама імкнуліся па магчымасці садзейнічаць вырашэнню эканамічных і сацыяльных праблем, агульных для ўсіх краін рэгіёна”.

Кіраўнік беларускага ўрада ўпэўнены, што краіны рэгіёна ЦЕІ прызначаны адыграць асаблівую стратэгічную ролю сувязнага звяна паміж Усходам і Захадам. „Аднак скарыстацца ўсімі перавагамі ўнікальнага геаграфічнага становішча і пазбегнуць пабочных геапалітычных рызык можна толькі ў выпадку сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці інтэграцыйных працэсаў на стыку Еўропы і Азіі. У гэтым – неабходная ўмова стабільнасці і ўстойлівага эканамічнага росту ў нашым рэгіёне. Таму асноўнай тэмай старшынства Беларусі ў ЦЕІ мы выбралі менавіта пашырэнне сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе”, – сказаў ён.

12 снежня на саміце абмяркоўвалася ў тым ліку, якім чынам краіны Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы маглі б садзейнічаць прагматычнаму збліжэнню і ўзаемадзеянню інтэграцыйных аб’яднанняў на кантыненце. Было адзначана, што Беларусь адыграла вядучую ролю ў фарміраванні і запуску ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў у рамках „Усходняга партнёрства”, якая завяршылася стварэннем спецыяльнага напрамку ў праграме УП. Сёння з усіх структур „Усходняга партнёрства” гэты напрамак лічыцца адным з найбольш выніковых і дынамічных, звярнуў увагу Андрэй Кабякоў.

На сустрэчы ў Менску прыняты план дзеянняў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы на 2018-2020 гады, які вызначае асноўныя напрамкі праектнай дзейнасці краін на бліжэйшы перыяд. Абмяркоўваліся таксама перспектывы далейшага рэфармавання ЦЕІ.

„Лічу, што сённяшні саміт стаў значнай вяхой у развіцці нашай арганізацыі. Таму Беларусь з пачуццём глыбокага задавальнення і ўсведамленнем сумленна выкананага абавязку перадала паўнамоцтвы старшыні Харватыі. Шчыра жадаем нашым харвацкім калегам паспяховага ўступлення ў новы год на гэтай адказнай пасадзе”, – падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

belta.by