Качанава сустрэлася з цыганскай дыяспарай



Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава ў другой палове дня 23 мая ў Магілёве правяла сустрэчу з прадстаўнікамі мясцовай цыганскай дыяспары ў сувязі з масавымі затрыманнямі цыганоў пасля гібелі супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча.

 

„Учора ўначы я з адным журналістам адправіўся ў мікрараён Чапаеўка па просьбе мясцовых жыхароў, папрасілі тэрмінова прыехаць. Было 10-15 чалавек. Сказалі, што да іх прыязджаў прадстаўнік мясцовых уладаў, нібыта з аблвыканкама, і прапанаваў ім сустрэчу з уладамі, каб разабрацца з пытаннем”, — паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, словы якога прыводзіць праваабарончы сайт „Магілёўская вясна”.

Паводле яго слоў, сёння спецыяльна для ромаў прыгналі мікрааўтобус з таніраваным шклом, пры гэтым частка людзей ехаць адмовілася. Бухель адзначыў, што ад уладаў на сустрэчу прыбыла вялікая дэлегацыя, уключаючы кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву. Акрамя таго, прысутнічала вялікая колькасць міліцыі.

Журналістаў і праваабаронцаў на сустрэчу не пусцілі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Качанава прынесла прабачэнні прадстаўнікам дыяспары за дзеянні міліцыі. Пацвердзіць гэта ў прэс-сакратара прэзідэнта Наталлі Эйсмант БелаПАН не ўдалося. Таксама паведамляецца, што на сустрэчу быў запрошаны міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, аднак ён не прыехаў.

Сёння раніцай, размаўляючы з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў, Шуневіч заявіў, што Міністэрства ўнутраных спраў не будзе прасіць прабачэння за затрыманне цыганоў у Магілёве пасля гібелі супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіч, бо гэтыя дзеянні праваахоўнікаў былі абгрунтаваныя. „У міністра няма ні нагоды, ні падставы прасіць прабачэння ў цыганоў. Зразумела?” — сказаў ён.

На пытанне, ці не баіцца кіраўнік МУС, што за гэта яго могуць абвінаваціць у ксенафобіі, Шуневіч адказаў: „Гэта не раз спрабавалі зрабіць. Я разглядаю любое сваё выказванне з пункту гледжання выканання сваіх функцыянальных абавязкаў”.

„Я лічу, што дзеянні маіх падначаленых у гэтай частцы абсалютна абгрунтаваныя і адпавядаюць тым абставінам, у якіх праводзілася раскрыццё гэтага асабліва цяжкага злачынства. Да гэтага былі пэўныя падставы і нагоды. Мы адпрацоўвалі асобную групу выключна на падставе атрыманых на той час доказаў. Крыніцай гэтых доказаў была інфармацыя ад ахвяры, — дадаў ён. — Мы павінны былі праверыць усе версіі, у тым ліку і тую, на аснове якой была праведзеная праверка некаторай часткі дыяспаральных нашых грамадзян”.

Пры гэтым Шуневіч адзначыў, што ў выпадку калі дзеянні міліцыі будуць прызнаныя незаконнымі органамі пракуратуры, ён гатовы за іх адказаць.

Паводле слоў міністра, прыярытэтнай версіяй у расследаванні гэтай крымінальнай справы на сёння з`яўляецца самагубства.

У сваю чаргу генеральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што Генпракуратура праводзіць разор па заяве ў сувязі з масавым затрыманнем цыганоў у Магілёве.

Цела 22-гадовага лейтэнанта ДАІ Яўгена Патаповіча было знойдзенае позна ўвечары 16 мая ў лесапаласе за два кіламетры ад Магілёва. Напярэдадні ў інтэрнэце з`явіліся паведамленні аб магчымым яго выкраданні „прадстаўнікамі цыганскай нацыянальнасці” — пра гэта ён нібыта паспеў паведаміць калегам у адным з месенджараў.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу на падставе арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных спраў пры выкананні службовых абавязкаў), яна пакуль не перакваліфікаваная.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у той жа дзень прадстаўнікі органаў МУС правялі рэйд па месцах кампактнага пражывання цыганоў, падчас якога затрымалі каля 100 чалавек, у тым ліку жанчын і непаўналетніх дзяцей. Частку з іх пазней вызвалілі, але каля 50 мужчын былі затрыманыя на трое сутак. У дачыненні да затрыманых распачатыя адміністрацыйныя працэсы, яны абвінавачваюцца ў дробным хуліганстве.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі 21 мая даслаў у Генеральную пракуратуру Беларусі заяву з просьбай правесці праверку законнасці масавых затрыманняў цыганоў пасля гібелі інспектара ДАІ 16 мая ў Магілёве. Бяляцкі просіць правесці праверку і прыняць адпаведныя меры пракурорскага рэагавання, а таксама разгледзець неабгрунтаваныя выпадкі ўжывання сілы, фізічнага гвалту.

З аналагічнай скаргай у пракуратуру Магілёўскай вобласці звярнуліся магілёўскія праваабаронцы Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў.

Дзеянні сілавікоў асудзілі прадстаўнікі грамадскасці.

belapan.by