Кадравыя перастаноўкі ў ваеннай сферы Беларусі



Змены ў кадравым складзе Міністэрства абароны і Узброеных сіл Беларусі могуць быць прадыктаваныя арыентацыяй на больш цеснае супрацоўніцтва з Расеяй. Такое меркаванне выказаў у каментары БелаПАН ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка прызначыў генерал-маёра Віктара Гулевіча начальнікам Генеральнага штаба — намеснікам міністра абароны, генерал-маёра Андрэя Жука — намеснікам міністра абароны, генерал-маёра Ігара Дземідзенку — камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, генерал-маёра Аляксандра Навуменку — камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.

„Я лічу, што гэта проста жаданне трошкі ажывіць працу ваеннага ведамства ва ўмовах, калі ўсталёўваюцца больш цесныя саюзніцкія адносіны з Расейскай Федэрацыяй, — выказаў меркаванне Алесін. — У нас падпісаны сумесны план дзеянняў узброеных сіл Беларусі і Расеі на пяць гадоў. Акрамя таго, ствараюцца тры сумесныя навучальныя цэнтры, у тым ліку адзін — пад Гроднам”.

Ваенны эксперт звярнуў увагу на тое, што ў папярэднія гады кіраўніцтва Беларусі „дастаткова моцна пярэчыла стварэнню нейкіх аб’ектаў” на тэрыторыі краіны, таму стварэнне сумесных навучальных цэнтраў — гэта „новае слова ў беларуска-расейскіх ваенных адносінах”.

Падобныя да гэтых змены, на думку Алесіна, сведчаць аб тым, што цяпер „будзе праводзіцца ўзгадненне намаганняў не толькі на стратэгічным і аператыўна-тактычным узроўнях, але і на тактычным узроўні — на ўзроўні дробных падраздзяленняў будзе падрыхтоўка да сумесных баявых дзеянняў”.

„Я мяркую, што такое рэзкае збліжэнне патрабуе якіх-небудзь новых кадраў, больш дынамічных, якія больш прыстасаваныя да такіх змен нашай ваеннай палітыкі”, — адзначыў ён.

Паводле слоў эксперта, раней Беларусь праводзіла ў ваеннай сферы палітыку пэўнага балансу паміж Усходам і Захадам, захоўваючы „квазінейтралітэт”, хоць „у кулуарах казалі пра абарону на 360 градусаў, калі не выключаліся магчымасці таго, што пры пэўных абставінах Расейская Федэрацыя можа распачаць спробу сілавога кантролю над Беларуссю”.

„Цяпер жа, калі кіраўніцтва Беларусі загнанае на Усход, ад ранейшай палітыкі балансу нічога не засталося. І застаецца больш цеснае ваеннае супрацоўніцтва з Расіяй, што і можа патрабаваць змены кадравага складу”, — лічыць Алесін.

belapan.by