Калеснікава: Уладзе давядзецца ісці на дыялог з намі



На працягу апошніх тыдняў у Беларусі назіраецца „ўнікальны працэс таго, як фармуецца актыўная грамадзянская большасць”. „Уладзе давядзецца шукаць выйсця і ісці з намі на дыялог”, — заявіла член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу Марыя Калеснікава 24 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Яна падзякавала ўсім грамадзянам, якія працягваюць мірным шляхам патрабаваць выканання сваіх правоў. „Увесь тыдзень нас спрабавалі запалохаць, нас спрабавалі сапхнуць адзін з адным, спрабавалі збіць наш настрой, — сказала Калеснікава. — Мы бачылі, як за грошы беларускіх падаткаплацельшчыкаў збіраюцца нейкія аўтобусныя каруселі, высаджваюцца людзі са сцягамі і аднолькавымі транспарантамі. Мы назіралі ўвесь тыдзень гэтыя сумныя прадстаўленні па ўсёй краіне. А ўчора стала зразумела, што ў іх нічога не атрымалася і не атрымаецца. Мы — адзіны народ. І ўладзе трэба зразумець адну простую рэч, што адкруціць сітуацыю, якая ўзнікла, немагчыма назад. Мы зараз адзіныя, кансалідаваныя, і мы патрабуем павагі да сябе і таго, каб пачулі наш голас, голас большасці”.

Калеснікава таксама пракаментавала з’яўленне Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 жніўня каля Палаца Незалежнасці ў бронекамізэльцы і з аўтаматам у руках. „Мы лічым вельмі дзіўным, калі чалавек, які кіруе дзяржавай, дазваляе сабе бегаць у вельмі дзіўнай вопратцы з вельмі дзіўнай зброяй у цэнтры Мінска, — сказала яна. — І ўсе гэтыя заявы, якія мы чуем пра бразганне зброяй на мяжы з Беларуссю… На самай справе мы ўчора ўбачылі доказы таго, што ў цэнтры Мінска абсалютна канкрэтны чалавек бразгае гэтай зброяй. Калі ён лічыць, што яго выбрала 80% беларускага народа, чаму ён у страху хаваецца за калючым дротам і ланцугамі, як ён учора выказаўся, „прыгажуноў”?

„Калеснікава таксама падкрэсліла, што нельга пакінуць па-за ўвагай факт таго, што ўчора побач з Лукашэнкам быў яго непаўналетні сын са зброяй у руках. „Таксама хацелася б звярнуць увагу, што факт перадачы баявой зброі непаўналетняму патрабуе праверкі і рэакцыі кампетэнтных органаў. Мы просім на гэта звярнуць увагу”, — сказала яна.

На думку Калеснікавай, улады не могуць ігнараваць таго, што Беларусь змянілася. „Уладзе давядзецца шукаць выйсця і ісці з намі на дыялог, — падкрэсліла яна. — Калі яны думаюць, што можна забыць усе зверствы, катаванні і акты гвалту супраць мірных грамадзян, забыць пра фальсіфікацыі на выбарах, спусціць сітуацыю на тармазах, то яны памыляюцца, воля народа будзе пачутая”.

belapan.by