Каля 3-х тысяч навапалачан віталі Святлану Ціханоўскую



Сустрэча з кандыдаткай на прэзідэнцкую пасаду прайшла 24 ліпеня каля ўваходу ў наваполацкі Парку культуры і адпачынку. Некалькі тысяч чалавек не змаглі змясціцца на пляцоўцы.

І адразу стала відавочна, што мясцовыя ўлады мала дбалі пра інтарэсы выбаршчыкаў, калі вызначылі для сустрэчаў з кандыдатамі менавіта гэтае месца. Каб нешта ўбачыць, людзі размясціліся на невялікім пагорку побач, нехта ўзлез на плот, а нехта – на бетонныя сходы ў бліжэйшым двары. Прыпаркаваць аўто каля парка таксама было немагчыма – не хапала месца, а на пад’ездзе да Наваполацка перад пачаткам сустрэчы ўтварыліся вялікія коркі.

Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава прыехалі з папярэдняй сустрэчы ў Глыбокім са спазненнем на паўгадзіны. Іх віталі воплескамі, а прамову Святланы Ціханоўскай сустрэлі воклічамі “Света!” і “Малайчына”. Кандыдатка звярнулася да прысутных са словамі падзякі і яшчэ раз нагадала, што вырашыла ўдзельнічаць у выбарах пасля таго, як яе мужа, блогера Сяргея Ціханоўскага, кінулі за краты. Яна паўтарыла, што застаецца вернай свайму рашэнню, агучанаму раней: у выпадку абрання на пасаду прэзідэнта яна за паўгода падрыхтуе новыя выбары, якія будуць справядлівымі, у адрозненне ад прэзідэнцкіх выбараў апошняга часу. Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава падтрымалі Святлану Ціханоўскую, і пажадалі выбаршчыкам смеласці, каб зрабіць справядлівы выбар новага прэзідэнта 9 жніўня.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Наваполацк

[manual_related_posts]