Каля 300 чалавек узялі ўдзел у пікеце за Ціханоўскую ў Добрушы



У Гомельскай вобласці ўлады дазволілі праводзіць пікеты за Ціханоўскую альбо раніцай (з 8.00 да 12.00), альбо позна ўвечары (з 21.00 да 22.00). Выканкамы сцвярджаюць, што дзённы і вячэрні час ужо заняты даверанымі асобамі Аляксандра Лукашэнкі, хоць пікетаў у яго падтрымку на дазволеных пляцоўках, да прыкладу ў Гомелі, апошнія дні не было.

Пікет у Добрушы прайшоў на набярэжнай ракі Іпуць, каля стэлы. На яго сабралася, паводле слоў даверанай асобы Ціханоўскай Таццяны Канеўскай, каля 300 чалавек.

„Спачатку да нас падышлі міліцыянеры і папрасілі адысці далей ад стэлы. Мы адышлі. Яны зноў падышлі і папрасілі адысці яшчэ далей — маўляў, гэта ж стэла, мы тут кветкі ўскладаем памяці герояў. Але мы не пагадзіліся адыходзіць больш. Гэта месца вызначылі ўлады для агітацыі”, — сказала Канеўская.

Паводле яе слоў, мерапрыемства праходзіла ў фармаце „адкрытага мікрафона”. Людзі расказвалі пра свае праблемы: беспрацоўе, працоўную міграцыю ў Расію, нізкія заробкі, галечу ў вёсках, медыцыну. „На сустрэчы мы абнародавалі ліст да Юрыя Караева, міністра ўнутраных спраў, з патрабаваннем разабрацца з умовамі ўтрымання ў СІЗА № 1 Сяргея Ціханоўскага. На яго аказваюць націск, распаўсюджваюць чуткі аб нейкім „нізкім статусе”, ціснуць яго. Жыхары Добруша ахвотна падпісаліся пад зваротам”, — паведаміла БелаПАН Канеўская.

25 ліпеня давераныя асобы Ціханоўскай правядуць пікет у Рэчыцы. 26 ліпеня ў Гомель прыедуць Святлана Ціханоўская і яе аб’яднаны штаб.

belapan.by

Фота vdobrushe.by

[manual_related_posts]