Каму патрэбна новая Канстытуцыя?



Рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў выказаўся пра Канстытуцыю, якую распрацоўвае каманда Святланы Ціханоўскай.

Аляксандр Сілкоў: Шматлікія, безумоўна, задаюцца пытаннем: навошта каманда Святланы Ціханоўскай распрацоўвае новы праект Канстытуцыі, калі ўлады і не падумаюць ёй скарыстацца. Але, на мой погляд, гэта вельмі патрэбная справа. Савецкі Саюз таксама здаваўся непарушным, але пачаў развальвацца ў адзін момант. І ў Беларусі змены могуць адбыцца так хутка, што часу на распрацоўку новай Канстытуцыі можа не хапаць.

Па-другое, не могуць стасункі з Захадам увесь час знаходзіцца ў такім стане, як зараз. Так, цяпер яны, мякка кажучы, далёкія ад ідэальных, але ж усё адно давядзецца некалі выбудоўваць адносіны.

А будуць стасункі – будзе пэўны гандаль. І тады ўлады могуць сказаць Захаду: апазіцыя нам нічога не прапаноўвае, што вы ад нас хочаце? Таму вельмі важна паказаць, што такія прапановы ў нас ёсць ужо сёння.

РР: А чаму вы лічыце, што стасункі з Захадам могуць праз час палепшыцца?

Аляксандр Сілкоў: Мяркую, што эканоміка прымусіць зрабіць гэта, бо спадзявацца толькі на Расею – гэта самападман. Хаця, натуральна, я не ведаю, калі гэтыя стасункі палепшацца, і як усё будзе адбывацца.

Упэўнены толькі ў адным – змены ў Беларусі будуць праходзіць. А апошнія падзеі паказалі, што ў краіне ёсць Нацыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя