Каму патрэбна знішчэнне крыжоў у Курапатах?



Былы палітвязень і актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок выказаў сваё стаўленне да той сітуацыі, якая сёння склалася ў Курапатах.

У грамадстве да гэтага часу працягваюць абмяркоўваць “добраўпарадкаванне тэрыторыі” ў Курапатах, якое ўлады пераўтварылі ў знос 70 крыжоў.

Мікола Дзядок: Сітуацыя ў Курапатах паказала дэманстратыўную грэблівасць уладаў да меркавання народа і яго каштоўнасцей. І для іх не важна, якія гэта каштоўнасці. На мой погляд, галоўнае тут было – дэманстратыўнасць. То бок, грамадству давялі: мы можам зрабіць усё што заўгодна з вашымі крыжамі, з вашымі памкненнямі, і вы з гэтым нічога не зробіце.

Такім чынам, для ўлады не стала праблемай патаптацца па месцы, якое стала для многіх людзей святым. Я думаю, праз гэтую прызму і трэба разглядаць сітуацыю. Як выказаўся адзін з аналітыкаў, Курапаты для ўладаў – пытанне кантролю і дэманстрацыя сваёй беспакаранасці і сваёй абсалютнасці.

РР: Але чаму грамадства гэта праглынула?

Мікола Дзядок: Таму што беларускае грамадства абыякавае не толькі да гэтай праблемы, але і ў цэлым да многіх іншых грамадска-палітычных падзей. Аднак не трэба ў гэтай сітуацыі шукаць адны мінусы. Пасля зносу крыжоў вялізная колькасць людзей даведалася пра Курапаты, з малітвы ў цэнтры горада стрым глядзелі каля 70 тысяч чалавек.

Гэта вельмі добрыя лічбы, і людзі ўжо не забудуць пра Курапаты. Гэта тая рэч, якая здолее кансалідаваць ужо існуючых праціўнікаў рэжыму і дадаць да іх тых, хто да гэтага займаў нейтральную пазіцыю.

РР: Чаму зараз выбралі час для зносу крыжаў?

Мікола Дзядок: Беларускі кіраўнік напачатку сакавіка выказаўся пра знос крыжоў і, відаць, гэта было ўспрынята, як сігнал для дзеянняў.

Але, думаю, калі прыйдзе час гэтаму кіраўніку сыходзіць (і, магчыма, не па ягонай волі), то яму гэта абавязкова прыпомняць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя