Канапацкая: „Пафігізм” характэрны для ўсёй вертыкалі ўлады



Абыякавае стаўленне да рашэнняў, якія прымаюцца на дзяржаўным узроўні, характэрнае для ўсёй вертыкалі ўлады. Такое меркаванне выказала БелаПАН дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Ганна Канапацкая, каментуючы крытыку Аляксандра Лукашэнкі на адрас урада.

На гэтым тыдні падчас наведвання Аршанскага раёна (Віцебская вобласць) Лукашэнка заявіў, што задачы па развіцці праблемных арганізацый раёна не выконваюцца. Ён папракнуў урад „у „пафігічным” стаўленні ўрада да даручэнняў прэзідэнта” і даручыў сваёй адміністрацыі падаць прапановы аб замене ўсяго кіраўніцтва ўрада.

„Нават калі ва ўрадзе памяняюцца людзі, але ў прэм’ер-міністра не будзе карт-бланш на правядзенне рэформаў, перастаноўка кадраў сітуацыю ў эканоміцы да лепшага не зменіць”, — падкрэсліла Ганна Канапацкая.

На думку дэпутата, цяперашняя сістэма ў эканоміцы, калі ўлады займаюцца аператыўным кіраваннем канкрэтнымі прадпрыемствамі, не можа быць эфектыўнай.

„Не прэзідэнт і не ўрад павінны займацца праблемамі канкрэтных прадпрыемстваў. Гэтыя пытанні павінны вырашаць кампетэнтныя менеджары, задача дзяржавы — стварыць умовы, якія б спрыялі развіццю бізнесу ў краіне”, — мяркуе Канапацкая.

Адміністрацыйныя метады кіравання канкрэтнымі прадпрыемствамі, лічыць яна, могуць прынесці больш шкоды, чым карысці. На думку Канапацкай, сітуацыя, калі мадэрнізацыя праблемных дзяржпрадпрыемстваў пачынаецца з закупкі абсталявання, цягне неэфектыўнае выкарыстанне грашовых сродкаў.

„Павінна быць выразная, вывераная стратэгія кіравання сектарам дзяржпрадпрыемстваў. Перш чым вырабіць і „ўбухаць” грошы ў абсталяванне, трэба вызначыць, каму мы прадукцыю прадаваць будзем”, — адзначыла Канапацкая.

Праблему для эканомікі дэпутат бачыць яшчэ і ў тым, што „пафігічнае” стаўленне на дзяржаўным узроўні, пра якое заявіў Лукашэнка, характэрнае для ўсёй вертыкалі ўлады.

„Такое стаўленне ўласцівае для ўсёй вертыкалі ўлады. Я не ведаю ніводнага чыноўніка на месцах, які гатовы ўзяць на сябе адказнасць і запярэчыць вышэйшаму органу ці прэзідэнту. У мяне складваецца адчуванне, што ўсе сядзяць і баяцца адказнасці. У гэтым вінаватыя ў тым ліку і нашы кантрольныя органы, якія вісяць дамоклавым мячом над кожным чыноўнікам”, — рэзюмавала Канапацкая.

belapan.by

[manual_related_posts]