Карбалевіч: На падзенне даверу насельніцтва ўлада адказала псеўдавыбарамі



На падзенне даверу насельніцтва ўлада ў Беларусі адказала жорсткім сцэнарыем правядзення выбараў, заявіў палітолаг Валерый Карбалевіч на пасяджэнні экспертнага клуба цэнтра „Еўрапейскі дыялог”, прысвечаным вынікам выбараў у Палату прадстаўнікоў.

„На падзенне даверу насельніцтва да ўлады апошняя адказала традыцыйным спосабам, пачала рэалізоўваць жорсткі сцэнарый правядзення выбараў, уключыўшы рэпрэсіўны механізм. Логіка зразумелая: чым меншая падтрымка грамадства, тым больш жорсткім становіцца палітычны рэжым, узрастае сілавы фактар утрымання ўлады, працуе інстынкт самазахавання, закручванне гаек”, — сказаў ён.

Эксперт лічыць, што прэзідэнцкія выбары ў наступным годзе таксама пройдуць паводле жорсткага сцэнарыя. „Магчымасці апазіцыі будуць абмежаваныя больш моцна, чым падчас ранейшых прэзідэнцкіх кампаній. Магчыма, упершыню не будуць зарэгістраваныя кандыдаты, якія збяруць 100 тысяч подпісаў”, — заявіў Карбалевіч.

На яго думку, выбарчая кампанія паказала, што ў беларускім грамадстве не з’явілася масавага і актыўнага запыту на дэмакратыю, свабодныя выбары і рэальны парламент. А пагаршэнне сацыяльна-эканамічнага становішча не вывела насельніцтва са стану апатыі.

„Новая інфармацыйная сітуацыя амаль не змяніла ход выбарчай кампаніі. Улады зразумелі, што анлайн не канверсуецца ў афлайн, інфармацыйная рэвалюцыя не стала прычынай фармавання грамадзянскай супольнасці”, — лічыць эксперт.

На думку Карбалевіча, механізм зваротнай сувязі паміж грамадствам і ўладай не мяняецца. „Лабіяванне інтарэсаў асобных сацыяльных груп, напрыклад „айцішнікаў”, можа быць толькі карпаратыўным, не палітычным. Улады могуць звяртаць увагу на настойлівыя патрабаванні нейкіх груп насельніцтва, напрыклад па антынаркатычным артыкуле або акумулятарны завод у Берасці, але адхіляюць любыя спробы канверсаваць пратэст у дэпутацкія мандаты”, — сказаў палітолаг.

Карбалевіч перакананы, што ў сітуацыі падзення даверу грамадства да ўлады любыя крытычныя выступленні ў парламенце становяцца небяспечнымі, таму ў Палату прадстаўнікоў не прапусцілі ні аднаго кандыдата ад апазіцыі. „Гэта сведчыць, што ніякага дыялогу з апазіцыяй і грамадствам улада праводзіць не збіраецца”, — дадаў ён.

„Лукашэнка прыйшоў да высновы, што няма вострай неабходнасці гуляць у дэмакратыю з Захадам. Адносіны размарожаныя, Еўрапейскі саюз зняў санкцыі, ЗША санкцыі прыпынілі, і чакаць ад іх большага немагчыма. Праблема правоў чалавека вынесеная за дужкі адносін з еўрапейцамі і амерыканцамі. Геапалітыка і пытанне незалежнасці Беларусі выціснулі астатнія праблемы. Краіны ЕС дэ-факта прызналі парламент Беларусі, сюды едуць парламенцкія дэлегацыі, сустракаюцца з мясцовымі дэпутатамі. Ніякіх вялікіх перспектыў канверсаваць прагрэс на выбарах у практычныя дывідэнды ад супрацоўніцтва з Захадам найбліжэйшым часам не відаць. Таму ўлады палічылі, што рызыка ад з’яўлення апазіцыі ў парламенце, правядзення выбараў паводле дэмакратычнага сцэнарыя большая, чым магчымыя выгады ад супрацоўніцтва з ЕС і ЗША”, — заявіў Карбалевіч.

На яго думку, апазіцыя не з’яўляецца суб’ектам палітыкі, бо яна не прапанавала грамадству „цэласнай альтэрнатывы, больш прыцягальнай, чым праект Лукашэнкі”. Таксама ён лічыць, што націск Расеі не заахвочвае ўладу шукаць падтрымкі ў насельніцтва. „Наадварот, апынуўшыся ў сітуацыі канфлікту, Лукашэнка хоча мець свабоду, пазбавіцца ад націску і ўплыву з боку грамадства”, — падсумаваў палітолаг.

belapan.by

[manual_related_posts]