Карбалевіч: Новыя законы вернуць Беларусь нават не ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы



„Праекты зменаў у заканадаўства, анансаваныя ўладамі, сведчаць пра тое, што «канцлагер імя Карпянкова», «Паўночная Карэя ў цэнтры Еўропы» — гэта не сацыяльная ўтопія і не фантастычнае перабольшваньне алярмістаў, а зусім магчымая змрочная беларуская перспектыва, – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч. 

„Прапанаваныя ўладамі заканадаўчыя навацыі азначаюць, па сутнасці, тое, што пры адпаведнай трактоўцы ў краіне пад страхам крымінальнага пераследу можа быць забаронена ўсялякая крытыка любых дзяржаўных органаў і іхных прадстаўнікоў. Паводле праекту, публічная «дыскрэдытацыя органаў дзяржаўнай улады і кіравання» караецца пазбаўленнем волі да трох гадоў. Гэта значыць, любую негатыўную ацэнку дзейнасці ня толькі Лукашэнкі, а нават дробнага выканкамаўскага чыноўніка (ужо ня кажучы пра паведамленні аб зверствах амапаўцаў) можна будзе трактаваць як іх дыскрэдытацыю з усімі адпаведнымі наступствамі.

Тое ж пакаранне прадугледжана за «наўмыснае распаўсюджванне ў любой форме загадзя лжывых звестак» аб палітычным становішчы Беларусі. То бок, напіша чалавек у сацыяльных сетках, што, на яго думку, Лукашэнка не набраў 80% на выбарах, — і яго абвінавацяць у пашырэнні «лжывых звестак». І пойдзе чалавек за краты на тры гады.

А калі грамадзяніна западозраць ва ўдзеле ў акцыі пратэсту двойчы, то ён атрымае тыя ж тры гады за кратамі.

Таксама пакаранне пагражае ўладальнікам інтэрнэт-рэсурсаў за распаўсюджанне забароненай інфармацыі.

Замах на жыццё супрацоўніка праваахоўнага органа караецца пажыццёвым зняволеннем. Як трактаваць замах? Штурхануў міліцыянта, ухіляючыся ад дубінкі, і апынесся за кратамі да канца жыцця? Нагадаю, што за рэальнае забойства ў Беларусі даюць, напрыклад, восем гадоў. А тут за «замах на забойства» — пажыццёвае зняволенне. Ствараецца каста недатыкальных.

Гэта ня проста вяртанне ў СССР. Гэта вяртанне нават ня ў брэжнеўскія, а ў сталінскія часы.

Пры адпаведнай трактоўцы ўсё гэта азначае, што ў Беларусі можа быць забаронена пад страхам турэмнага пакараньня іншадумства як з’ява.

Іншая справа, як усё гэта будзе выконвацца на практыцы. Бо пасадзіць у турму большую частку насельніцтва нават у лукашэнкаўскай Беларусі будзе складана з чыста тэхнічных прычынаў. Ня хопіць грошай на вартаўнікоў на вышках.

Таму новае заканадаўства — гэта дамоклаў меч, які мусіць вісець над галавою кожнага незадаволенага. Яно пераводзіць практычна ўсё насельніцтва ў статус падазраваных. І прывядзе да таго, што большасць беларусаў пакіне беларускі сэгмэнт інтэрнэту, будзе чытаць толькі замежныя рэсурсы і тэлеграм-каналы.

Гэтыя навацыі лішні раз пацвярджаюць, што дзеля ўтрымання ўлады цяперашні рэжым гатовы на любыя, нават самыя адыёзныя, крокі і ня спыніцца ні перад чым”.