Хто будзе ў выбарчых камісіях?



Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла ацаніў узровень “дэмакратычнасці” пры фарміраванні выбарчых камісій.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што “фарміраванне выбарчых камісій на мясцовых выбарах праходзіць галосна”.

Гары Паганяйла: Фармальна з заявай Ярмошынай можна пагадзіцца, бо пасяджэнні праходзяць адкрыта, туды запрашаюць назіральнікаў. Але ж галоўнае зусім у іншым. У беларускіх рэаліях сябры камісій выбіраюцца зараней, і там мы бачым суцэльную прафанацыю. Як правіла, галасуюць цэлым спісам, які зараней падрыхтаваны. Людзі падбіраюцца з дзяржаўнай працы, правераныя, якія не раз удзельнічалі ў такіх выбарчых кампаніях. Яны ўжо прайшлі праверку, і ўлады ім давяраюць. Звычайна там – сябры педкалектываў, працоўныя з вытворчых структур… У гэтым плане нічога не змяняецца ўжо доўгія гады. А незалежныя назіральнікі і праваабаронцы найперш ацэньваюць, наколькі дэмакратычна праведзена такая працэдура. Праўда, тут карціна сумная. Колькасць апазіцыйных прадстаўнікоў у выбарчых участковых камісіях зусім мізерная і часам нават не дацягвае да 1 адсотка.

РР: “Патрэбныя” людзі ў камісіях могуць затым зрабіць і “правільны” падлік?

Гары Паганяйла: Мы можам дакладна казаць пра адно – казаць пра адкрытасць пры правядзенні выбараў не выпадае. Хаця фармальна ўлада спрабуе надаць выгляд правядзення і дэмакратычных выбараў, і суадносна – фарміравання выбарчых камісій.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя