Хто кіруе беларускімі сілавікамі?



Беларускія ўлады па-ранейшаму забараняюць наведваць нашу краіну тым украінцам, якія бралі ўдзел у Рэвалюцыі Годнасці, а таксама ветэранам вайны на Усходзе Украіны. За апошнія месяцы ва ўездзе ў Беларусь адмовілі Юрыю Ягусевічу, Сяргею Замілюхіну і шмат каму іншаму.

Адна з такіх забаронаў была абскарджаная ў Міністэрстве Унутраных Спраў Рэспублікі Беларусь. У адказ украінскі актывіст атрымаў ліст ад начальніка Дэпартамента па грамадзянству і міграцыі Аляксея Бегуна, у якім паведамлася наступнае:

“Вы ўключаныя ў спіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь забаронены ці непажаданы (…) па ініцыятыве кампетэнтных органаў Расейскай Федэрацыі ў адпаведнасці з Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Расейскай Федэрацыі (…) Для атрымання дадатковай інфармацыі рэкамендуем звярнуцца ў Федэральную Службу Бяспекі Расейскай Федэрацыі”.

2017-01-21_zabarona_ukraincam_belarus_01

Вось як каментуе ліст з беларускага МУС Аляксандр Краўчанка, кіраўнік грамадскага фармавання па ахове дзяржаўнай мяжы з пасёлка Рэпкі, што знаходзіцца ва ўкраінска-беларускім сумежжы:

“Шмат у каго з нас ёсць сваякі ў сяброўскай для нас Беларусі. Але ж разам з тым мы не забываемся, што Беларусь – саюзная дзяржава Расеі, дзяржавы-агрэсара, дзяржавы, якая прынесла нам вайну. Выдае на тое, што беларускімі памежнікамі камандуюць не з Менска, а з Масквы. Бо рэшэнні прымаюцца не ў Менску, а ў Маскве”.

Раней падобныя забароны наведваць нашу краіну таксама абскарджваліся, але гэта першы выпадак, калі беларускія ўлады афіцыйна параілі ўкраінцам звярнуцца ў спецслужбу суседняй дзяржавы.

Украінскі грамадзянін усё ж звярнуўся ў Федэральную Службу Бяспекі за тлумачэннямі і нават атрымаў адтуль адказ, падпісаны начальнікам Цэнтра грамадзскіх сувязяў Мікалаем Захаравым:

“Ваш зварот разгледжаны. На падставе п. 1. арт. 27 Федэральнага Закона “Пра парадак выезду ў Расейскую Федэрацыю і парадак выезду з Расейскай Федэрацыі” Вам забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі”.

2017-01-21_zabarona_ukraincam_belarus_02

Такім чынам, паводле адказу Федэральнай Службы Бяспекі, грамадзянін Украіны, які спрабаваў прыехаць у Беларусь, парушыў расейскія законы, бо, згодна логіцы ФСБ, ён такім чынам спрабаваў патрапіць на тэрыторыю Расеі.

Беларускае Радыё Рацыя