Хто прарасейскі кандыдат?
Палітык Павел Севярынец разважае пра тое, каго падчас гэтай прэзідэнцкай кампаніі можна лічыць прарасейскім кандыдатам.
Павел Севярынец: На мой погляд, самы прарасейскі кандыдат – гэта дзеючы беларускі кіраўнік. Усе 26 гадоў ён праводзіў русіфікацыю, падпісаў дамову аб Саюзнай дзяржаве, узгадніў 30 дарожных мапаў. Гэта чалавек, які рабіў расейскую палітыку чвэрць стагоддзя.
А астатніх кандыдатаў у гэтым рэчышчы няма сэнсу абмяркоўваць. Безумоўна, там можа быць і гульня Масквы, але саміх па сабе выбараў няма.
Зараз у звязку з гэтым мы бачым народны пратэст, людзі выстройваюцца ў кіламетровыя чэргі, каб паставіць подпіс за свабоду і за перамены.
Але я ўпэўнены, што будучыня Беларусі – гэта будучыня незалежнай беларускай дзяржавы, а будучыня беларускай палітыкі – ні ў якім разе не прарасейская. Нам трэба будаваць добрасуседскія стасункі з усімі дзяржавамі.
РР: На Ваш погляд, ці зацікаўлена Масква, каб Лукашэнка сышоў на гэтых выбарах?
Павел Севярынец: Масква 26 гадоў цярпела і падтрымлівала Лукашэнку. Калі б не Расея, ён столькі б не знаходзіўся ва ўладзе.
Але вядома, што расейцы будуць рабіць усё, каб аслабіць беларускую незалежнасць пры любым прэзідэнце. Гэта трэба разумець, таму адказнасць за гэта – на беларускіх патрыётах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя