Кіно пра дровы, палонку і шпіца
Нават калі не хочацца лішні раз і без патрэбы ўзгадваць пра Аляксандра Лукашэнку, але, можна сказаць, жыццё прымушае. І я не ўтрымалася. Эмоцыі перапаўняюць. Уся справа ў апошніх кароткіх відэа, на якіх прадстаўлены афіцыйны кіраўнік краіны ў зусім неафіцыйных сітуацыях. Такіх відэа за апошнія дні мы пабачылі ажно тры. Калі хто яшчэ не бачыў. На самым першым Лукашэнка на сваёй вясковай сядзібе коле дровы, ды не дровы, а цэлыя калоды.
І як паказалі ў кадры, нібыта накалоў ужо цэлую вялікую кучу, а побач бегае “сабачка” – белы шпіц, якога мы раней бачылі падчас сельскагаспадарчых прац на лукашэнкаўскіх сотках. Больш у кадры нікога няма. Выглядала гэта дзіўна, але я падумала: пэўна, чалавеку больш няма чым заняцца і няма з кім. Але ўжо ўвечары 19 студзеня, на Вадохрышча, з’явілася новае відэа, пасля прагляду якога першае пытанне, якое паўстала – што гэта было? Шчыра сказаўшы, я нават разы тры перагледзела, ад рогату нават слёзы пацяклі. Лукашэнка ў доўгай белай кашулі, якая відавочна мела прыхаваць даўно ўжо не элегантныя формы, у цемнаце акунаецца ў палонку, потым выходзіць, закатвае вочы да неба, пэўна моліцца. І акрамя яго, у кадры толькі той жа сабачка – белы шпіц, які спалохана гаўкае каля палонкі. Так і хочацца закрычаць: аўтара ў студыю. Хто гэтыя таленавітыя імідж-мейкеры, дзякуючы якім галоўны кіраўнік стаў галоўным пасмешышчам усяго кантэнту сацыяльных сетак? І на каго тыя імідж-мейкеры працуюць? Падазраю, што на варшаўскіх і чэшскіх лялькаводаў. Але і на гэтым яшчэ не ўсё. 20 студзеня – чарговае кароткае відэа. Відаць знятае на той жа сядзібе. Зноў цёмна. Лукашэнка налівае дзве шклянкі, як мы разумеем, асвечанай вады. І хоча выпіць – вы ўжо здагадаліся з кім? Правільна з сабачкам – белым шпіцам. Той стаіць на стале, але піць з галоўным кіраўніком катэгарычна адмаўляецца. Больш ні на стале, ні за сталом нікога не было. Кажу шчыра, зноў рагатала. Суцэльны сюррэалізм і тэатр абсурду. П’еса ў трох актах пад назвай “Заход дыктатара”. Усё. Заслона.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
