Кіраўнік „ЛНР” Ігар Платніцкі ўцёк у Расею?



Кіраўнік самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі (ЛНР) Ігар Платніцкі з’ехаў у Расею. Пра гэта са спасылкай на свайго спецыяльнага карэспандэнта паведамляе „Новая газета”.

Па інфармацыі выдання, Платніцкі знаходзіцца ў аўтамабільным картэжы, які пакінуў тэрыторыю Луганска. Разам з ім з рэспублікі з’ехалі кіраўнік ягонай адміністрацыі Ірына Тэйцман, кіраўнік ГТРК „ЛНР” Анастасія Шуркаева і шэраг іншых асоб.

Урадавыя будынкі ў Луганску дагэтуль ачэпленыя ўзброенымі людзьмі. Сярод іх — супрацоўнікі МУС „ЛНР” і міністэрства дзяржбяспекі самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Напярэдадні адхілены ад пасады „міністр” унутраных спраў ЛНР Ігар Карнет адмовіўся пакінуць сваю пасаду і апублікаваў відэазварот, у якім заявіў, што некаторыя высокапастаўленыя дзеячы самаабвешчанай рэспублікі, уключаючы Тэйцман і Шуркаеву — гэта агентура ўкраінскіх спецслужбаў.

Увечары ў аўторак у Луганск ўвайшла калона з дзясяткаў ваенных аўтамабіляў з Данецка. Пасля МДБ „ДНР” афіцыйна прызнала, што праводзіць сумесную спецаперацыю з сілавікамі „ЛНР” супраць „украінскіх дыверсантаў”.