Кіраўнік МЗС Беларусі пра адносіны з ЗША



Афіцыйны Менск зацікаўлены ў прыбыцці амерыканскага пасла ў Беларусь і ў канструктыўным узаемадзеянні з новай адміністрацыяй Белага дома, заявіў 28 студзеня журналістам у Менску кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

Паводле яго слоў, афіцыйны Менск звярнуў увагу на пазітыўныя моманты ў сферы бяспекі, якія з`явіліся з прыходам новай адміністрацыі ў Белы дом. Гаворка ідзе пра кантакты ЗША і Расіі з нагоды Дамовы аб СНВ-3. Усё гэта выклікае „асцярожны аптымізм” у беларускіх уладаў.

„Што тычыцца перспектыў нашых адносінаў з ЗША, то мы заўсёды казалі, што мы нацэлены на раўнапраўнае, цеснае, канструктыўнае ўзаемадзеянне. Мы разумеем, якую ролю адыгрываюць ЗША сёння ў свеце, разумеем, што гэта супердзяржава нумар адзін, таму мы зацікаўленыя ў наяўнасці нармальнага ўзаемадзеяння з гэтай дзяржавай. З улікам таго, што, магчыма, мы крыху па-рознаму ўспрымаем прыярытэты нашага супрацоўніцтва, з улікам таго, што некаторыя нашы заходнія партнёры неаб`ектыўна ацэньваюць працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, мы не выключаем, што могуць быць пэўныя цяжкасці ў выбудоўванні нармальных узаемаадносін з ЗША. Мы зацікаўленыя ў тым, каб мець такі важны канал сувязі, як наяўнасць паслоў у абедзвюх дзяржавах. Мы зацікаўленыя ў прыбыцці амерыканскага пасла ў Беларусь, зацікаўленыя, каб як мага хутчэй наш пасол быў накіраваны ў ЗША”, — сказаў Макей.

Паводле слоў міністра, новых кандыдатаў на пасаду пасла Беларусі ў ЗША ў МЗС ужо падабралі, хутка іх прапануюць на разгляд Аляксандру Лукашэнку.

Як паведамлялася, нядаўна былі абнародаваныя найбліжэйшыя прыярытэты прэзідэнта Злучаных Штатаў Джо Байдэна і віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс, якія ўступілі на пасаду 20 студзеня. Сярод іх — аднаўленне дэмакратычных саюзаў па ўсім свеце, адстойванне амерыканскіх каштоўнасцяў і правоў чалавека. У якасці кандыдата ў прэзідэнты Байдэн двойчы (25 верасня і 27 кастрычніка мінулага года) крытычна выказваўся пра падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, у тым ліку пра падрыхтоўку ў таямніцы інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

У выпадку перамогі на выбарах Байдэн меў намер разам з еўрапейскімі партнёрамі і саюзнікамі распрацаваць план эканамічнай падтрымкі „сапраўды суверэннай дэмакратычнай Беларусі”.

„Да таго часу я працягну далучацца да заклікаў Святланы Ціханоўскай і народа Беларусі мірна перадаць уладу, вызваліць усіх палітвязняў, правесці свабодныя і справядлівыя выбары, каб беларускі народ нарэшце змог рэалізаваць свае дэмакратычныя правы, за якія ён шмат чым ахвяраваў”, — запэўніў амерыканскі палітык.

Пры прэзідэнце Дональдзе Трампе Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх уладаў.

belapan.by