Кіраўнік МЗС Фінляндыі: Заўчасна праводзіць працэс „Хельсінкі-2”



Абмяркоўваць новыя ініцыятывы па забеспячэнні бяспекі ў Еўропе да ўрэгулявання канфлікту ва Украіне нельга. Такое меркаванне выказаў на прэс-канферэнцыі 25 лістапада ў Менску міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста.

Пытанне аб ініцыятыве „Хельсінкі-2” было адрасаванае кіраўніку фінскай дыпламатыі ў сувязі з тым, што летам 1975 года ў сталіцы Фінляндыі былі падпісаныя Хельсінкскія дамовы — заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (папярэднік АБСЕ), які ўсталяваў прынцыпы сучаснага забеспячэння бяспекі у Еўропе. Дакумент замацаваў палітычныя і тэрытарыяльныя вынікі Другой сусветнай вайны, у ім выкладзеныя прынцыпы ўзаемаадносін паміж дзяржавамі, у тым ліку прынцыпы непарушнасці межаў; тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў; неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і іншыя.

„Крыху заўчасна абмяркоўваць падобныя ініцыятывы датуль, пакуль не будзе ўрэгуляваны канфлікт ва Украіне, — заявіў Хаавіста. — Напрыклад, пытанне аб правядзенні саміту па аналогіі з тым, які адбыўся ў Фінляндыі. Гэты крок павінен быць пасля выканання мінскіх пагадненняў і поўнага ўрэгулявання канфлікту на Данбасе. Толькі пасля гэтага мы зможам развіваць зону бяспекі АБСЕ на аснове яе прынцыпаў”.

Аляксандр Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі на працягу апошніх гадоў актыўна прасоўваюць ініцыятыву правесці маштабную сустрэчу лідараў еўрапейскіх дзяржаў, каб зноўку выпрацаваць і замацаваць прынцыпы забеспячэння бяспекі ў Еўропе. Беларускія афіцыйныя асобы называюць гэты магчымы працэс „Хельсінкі-2”.

belapan.by