Кіраўнік МЗС ФРГ абяцае санкцыі супраць Менску, пакуль яны не дадуць эфекту



Германія паабяцала ўводзіць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, пакуль яны не дадуць эфекту.

Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства замежных спраў Германіі Хайка Мас на прэс-канферэнцыі, адказваючы на пытанне карэспандэнта DW пра крокі Берліна ў сувязі з асуджэннем магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова, які супрацоўнічае з нямецкай медыякампаніяй.

„Нам вядомы гэтыя выпадкі, і ў мінулым прымалі меры на роўні консульства, будзем гэта рабіць і ў будучыні, аднак не публічна, – падкрэсліў Мас. – Таму што па вопыту  ведаем, што часам занадта вялікая публічнасць падобных спраў не дазваляе дамагчыся жаданых вынікаў „.

Нагадаўшы, што Еўразвяз увёў ўжо цэлы шэраг пакетаў санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі, кіраўнік дыпламатычнага ведамства Германіі ў той жа час са шкадаваннем прызнаў, што „яны, відавочна, не дзейнічаюць,” і тое, што адбываецца ў краіне, выклікае крайнюю трывогу:

„Вельмі складана звонку, пры дапамозе тых інструментаў, якія мы ўжывалі, прымусіць адмовіцца ад свайго шляху рэжым, які, на жаль, падобна, моцна сядзіць у сядле і абараняе сваю ўладу самым жорсткім чынам”.

„У рамках Еўрапейскага Звяза мы, несумненна, яшчэ будзем абмяркоўваць, ці дастаткова цяперашняй санкцыйнай палітыкі ці ёсць неабходнасць увядзення новых санкцый”, – адзначыў Хайка Мас.