Кіраўнік МЗС Грузіі 4—5 верасня наведае Беларусь



Міністр замежных спраў Грузіі Міхеіл Джанелідзе 4—5 верасня наведае Беларусь з афіцыйным візітам, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

У праграме візіту шэраг сустрэч высокага ўзроўню, у тым ліку ва ўрадзе, Нацыянальным сходзе і Міністэрстве замежных спраў, дзе Джанелідзе сустрэнецца з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімірам Макеем.

„На сустрэчах будзе абмеркаваны шырокі спектр пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, актывізацыя гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, развіццё парламенцкіх сувязяў, рэалізацыя сумесных праектаў”, — адзначаецца ў паведамленні.

Паводле вынікаў перамоў у МЗС Беларусі плануецца падпісанне праграмы супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін на 2018—2019 гады.

Макей наведаў Грузію ў снежні 2016 года.

У сакавіку гэтага года ў Беларусі з візітам быў прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі.

Згодна са звесткамі прэс-службы МЗС, у студзені—чэрвені 2017 года тавараабарот Беларусі з Грузіяй склаў 53,3 млн долараў ЗША і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года павялічыўся на 28,4%, экспарт — 44,9 млн долараў (павялічыўся на 28,8%), імпарт — 8,4 млн долараў (павялічыўся на 25,6%). Сальда склалася станоўчае ў 36,5 млн долараў.  БелаПАН