Кіраўнік МЗС Украіны пра адносіны з Беларуссю
Палітыку Беларусі ў дачыненні да Украіны кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба назваў недружалюбнай.
„Гэта недружалюбная палітыка, і мы не павінны гэта трываць”, — сказаў міністр у эфіры тэлеканала „Прямий”, каментуючы рашэнне Менска аб перадачы Расеі затрыманых у ліпені ў Беларусі байцоў „прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера” і заявы беларускіх уладаў.
„Відавочна, што адносіны з Беларуссю ўжо не могуць быць такімі, якімі яны былі да гэтага”, — заявіў ён.
Пра затрыманне ў ноч на 29 ліпеня пад Менскам 32 баевікоў замежнай прыватнай ваеннай кампаніі паведамілі беларускія дзяржаўныя СМІ. Пазней з’явілася ўдакладненне, што гаворка ідзе пра так званую расейскую прыватную вайсковую кампанію Вагнера, акрамя таго, на поўдні краіны быў затрыманы яшчэ адзін чалавек.
30 ліпеня дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў паведаміў, што па факце затрымання расейскіх баевікоў пад Менскам распачатая крымінальная справа аб падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў. „33 баевікі затрыманыя, да двухсот — недзе знаходзяцца на тэрыторыі [Беларусі], згодна з аператыўнай інфармацыяй. Ідуць пошукі. Гэта як іголка ў стозе сена”, — сказаў Раўкоў.
14 жніўня стала вядома, што Беларусь перадала затрыманых Расеі.
Затрыманне ў Беларусі грамадзян Расеі, якіх называлі „баевікамі прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера”, — гэта сумесная аперацыя ўкраінскіх і амерыканскіх спецслужбаў, заявіў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін 27 жніўня ў інтэрв’ю тэлеканалу „Россия 1”.
