Кіраўнік МЗС Украіны прызнаў зручнасць Менска як пляцоўкі для перамоваў



Месца правядзення пасяджэнняў кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе не мае значэння для іх выніковасці. Пра гэта ў пятніцу, 19 студзеня, заявіў кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін у эфіры тэлеканала „Інтэр”, перадае інтэрнэт-рэсурс „Страна.ua”.

„На самой справе месца фармату не мае асаблівага значэння. Важна, што мы не рухаемся наперад у нашым працэсе”, — заявіў Клімкін, абвінаваціўшы ў гэтым Расею.

У той жа час кіраўнік украінскага МЗС прызнаў зручнасць Менска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы. „Чаму быў абраны Менск? Гэта адносная нейтральнасць Беларусі, гэта добрая лагістыка — менш за гадзіну (палёту ад Кіева да Менска). Вядома, пэўныя праблемы з бяспекай, але мы іх можам кантраляваць”, — адзначыў ён.

Пры гэтым, на думку Клімкіна, сталіца Казахстана Астана для правядзення перамоў знаходзіцца занадта далёка.

Раней прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з ім заявіў аб мэтазгоднасці пераносу з Менска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

На заяву Назарбаева аб магчымым пераносе перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне з Менска ў іншае месца 19 студзеня таксама адрэагавала МЗС Беларусі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь за лаўрамі міратворцы не гоніцца ў адрозненне ад іншых.

На думку Макея, „наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоў”. „Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху”, — заявіў міністр. „Але для з`яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта „староннія”, але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэленыя на спыненне кровапраліцця”, — дадаў Макей.

Ён нагадаў, што „не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін „нармандскай чацвёркі” выказалі просьбу да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту”.

У сваю чаргу ў Крамлі напярэдадні заявілі, што прыхільнасць да мінскіх дамоўленасцяў больш важная, чым выбар горада для абмеркавання мер па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. „У дадзеным выпадку месца перамоў [па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне] не мае вялікага значэння”, — сказаў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

belapan.by

[manual_related_posts]