Кіраўнік МЗС Венгрыі: Па ўсіх пытаннях дасягнутае паразуменне



Беларусь і Венгрыя падпісалі план супрацоўніцтва на 2017—2018 гады.

Падпісанне адбылося ў Менску 22 чэрвеня пасля перамоў міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэра Сіярты.

У размове з журналістамі Макей адзначыў, што сённяшнія перамовы былі „вельмі плённымі і насычанымі”, а сустрэчы двух міністраў заўсёды маюць „адкрыты і канструктыўны характар”.

Паводле яго слоў, бакі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін, узаемадзеянне Беларусі і ЕЗ, а таксама ўзаемадзеянне Беларусі і Венгрыі ў міжнародных арганізацыях. „У нас няма асаблівых адрозненняў па ўсіх гэтых пытаннях”, — сказаў Макей.

Як адзначыў міністр, нягледзячы на больш інтэнсіўнае развіццё гандлёва-эканамічных адносін сёлета, іх патэнцыял яшчэ не вычарпаны. Бакі дамовіліся сканцэнтравацца на двух-трох кірунках супрацоўніцтва, якія „прынясуць аддачу і стануць гісторыямі поспеху”. „Па ўсіх пытаннях дасягнутае абсалютнае паразуменне, мы бачым, па якіх напрамках трэба рухацца далей”, — падкрэсліў Макей.

У сваю чаргу Петэр Сіярта сказаў: „Хачу павіншаваць Беларусь з дзвюх надгодаў. Па-першае, яна выдатна выконвае абавязкі старшыні Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы. Па-другое, калі ацаніць усе дасягненні Беларусі апошнім часам, дык яны значныя”. Кіраўнік венгерскага МЗС не ўдакладніў, пра якія менавіта дасягненні ідзе гаворка.

Сіярта падкрэсліў, што Венгрыя вітае зняцце Еўразвязам санкцый з Беларусі і актыўна падтрымлівае перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ. „Мы хочам, каб ЕЗ браў больш актыўны ўдзел у прыцягненні сродкаў з фондаў для развіцця эканомікі ў Беларусі. Гледзячы на вашы дасягненні ў эканоміцы, мы падтрымліваем уступленне Беларусі ў СГА”, — сказаў ён.

Паводле слоў Сіярты, задачай Венгрыі з’яўляецца падтрымка развіцця адносінаў Беларусі і ЕЗ. „Мы перакананыя, што для аднаўлення канкурэнтаздольнасці Еўрасаюза неабходныя плённыя адносіны з яго суседзямі”, — сказаў венгерскі міністр.

belapan.by