Кіраўнікі ўрадаў СНД у Астане падпісалі 12 дакументаў



На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД 2 лістапада ў Астане падпісана 12 дакументаў, паведамляе прэс-служба прэм’ер-міністра Казахстана. У сустрэчы ўзяў удзел прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас.

Пытанні, якія абмяркоўвалі кіраўнікі дзяржаў, тычыліся супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, сельскай гаспадаркі, сацыяльнага забеспячэння, касмічнай галіны, падатковага адміністравання, сувязі і інавацый, аховы правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, гуманітарнага ўзаемадзеяння.

У прыватнасці падпісаныя пагадненні аб узаемадзеянні дзяржаў — удзельніц СНД па забеспячэнні гатоўнасці на выпадак ядзернай аварыі або ўзнікнення радыяцыйнай аварыйнай сітуацыі і ўзаемадапамогі пры ліквідацыі іх наступстваў і аб ажыццяўленні сумеснай дзейнасці дзяржаў — удзельніц СНД у галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах.

„У вузкім складзе адбыўся абмен думкамі па актуальных пытаннях эканамічнага ўзаемадзеяння краін — членаў СНД. Кіраўнікі ўрадавых дэлегацый пры гэтым вылучылі шэраг прапаноў, скіраваных на далейшае ўдасканаленне сумеснай дзейнасці. Казахстанскім бокам былі ўзнятыя пытанні ўмацавання гандлёвых адносін, рэалізацыі сумесных праектаў у касмічнай галіне, актывізацыі працы па пераходзе эканомік да цыфравізацыі, імплементацыі сумесных ініцыятыў краін-членаў у сферы развіцця зялёных тэхналогій і інавацый”, — адзначылі ў прэс-службе.

Кіраўнікі дэлегацый таксама „пазначылі важнасць прыманай канцэпцыі супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД па развіцці вытворчасці высокатэхналагічнага энергетычнага абсталявання”, паведамляе прэс-служба.

Удзельнікі пасяджэння асобна сустрэліся з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. „За больш як чвэрць стагоддзя СНД адбылося як паўнавартасная арганізацыя, якая дазволіла захаваць гістарычныя сувязі паміж нашымі народамі і спрыяла ўмацаванню суверэнітэту кожнай краіны. Сёння ўзаемадзеянне ў межах Садружнасці стала яшчэ больш значным. Узаемны гандаль ўнутры СНД працягвае расці. Летась аб’ём тавараабароту склаў 164 млрд долараў, павялічыўшыся на 25%. Такая тэндэнцыя працягваецца і сёлета”, — заявіў ён.

belapan.by