Кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі стаў Аляксандр Косінец
Аляксандр Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм’ер-міністра і старшыню Нацыянальнага банка. Таксама сваіх пасадаў пазбавіліся 4 міністры, 3 старшыні аблвыканкамаў і іншыя высокія чыноўнікі. Кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі прызначаны Аляксандр Косінец, які быў кіраўніком Віцебскага аблвыканкама.
Паводле палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, такім чынам Лукашэнка ўзмацняе кантроль над вертыкаллю:
– Я нагадаю, што ён генерал, у свой час усе губернатары атрымалі гэтыя пагоны. Гэта ўжо другі генерал на чале Адміністрацыі, я нагадаю, першым генералам быў спадар Шэйман падчас Памаранчавай рэвалюцыі. Цяпер у нас з’явіўся генерал пасля Майдана.
Кіраўнік дзяржавы прызначыў і новых старшыняў Берасцейскага, Віцебскага і Магілёўскага аблвыканкамаў. Анатоль Ліс прызначаны новым кіраўніком Берасцейскай вобласці, старшынём Віцебскага аблвыканкама стаў Мікалай Шарстнёў, а Уладзімір Даманеўскі ўзначаліць Магілёўскі аблвыканкам, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
Беларускае Радыё Рацыя
