Кіраўніцтва БСДГ можа змяніцца на другой сесіі з’езда 3 лістапада



Другая сесія з’езда партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” (БСДГ) адбудзецца 3 лістапада, паведаміў БелаПАН яе лідар Станіслаў Шушкевіч.

Плануецца, што на другой сесіі будзе абрана новае кіраўніцтва партыі. На першай сесіі, якая адбылася 9 верасня, выбары кіраўніцтва былі перанесены ў сувязі з адсутнасцю Шушкевіча па хваробе.

Цяпер у партыі шэсць намеснікаў старшыні. Падчас першай сесіі з’езда адзін з намеснікаў Сяргей Чэрачэнь заявіў аб жаданні заняць пасаду старшыні. Пры гэтым у размове з журналістамі ён адзначыў, што на пасаду старшыні партыі могуць вылучацца яшчэ чатыры-шэсць чалавек.

На першай сесіі з’езда Шушкевіч звярнуўся да дэлегатаў па тэлефоннай сувязі. Ён выказаў упэўненасць, што новае кіраўніцтва партыі будзе абрана дэмакратычным шляхам.

Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада была зарэгістраваная ў 1996 годзе. З 1998 года яе ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч — старшыня Вярхоўнага савета Беларусі 12-га склікання ў 1991—1994 гадах.

belapan.by