“Кнігу Саннікава мае прачытаць кожны заходні палітык”



“Мая гісторыя. Беларуская «амерыканка», ці выбары пры дыктатуры». Кнігу Андрэя Саннікава пераклалі на польскую мову і прэзентуюць у Польскім Тэатры ў Варшаве. У выданні змешчаныя ўспаміны былога кандыдата на пасаду прэзідэнта пра ўвязненне ў турме КДБ, а таксама досвед змагання беларускай апазіцыі.

kniga

Сустрэча будзе арганізавана асяродкам “Карта” і тэлеканалам “Белсат”, сама прэзентацыя прымеркавана да 25-х угодкаў падпісання Белавежскіх пагадненняў, а таксам 20-х угодкаў канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі – падзеі, якая папярэднічала стварэнню ініцыятывы “Хартыя-97”.

На думку галоўнага рэдактара сайта “Хартыя-97” Наталлі Радзінай, кніга Андрэя Саннікава – найлепшае апісанне рэпрэсіўнай сістэмы ў Беларусі.

Наталля Радзіна: Мне падаецца, што кніга – гэта з’ява для Беларусі, гэта найлепшая кніга, якая была напісана пра беларускую сістэму, турму КДБ, рэпрэсіўны апарат, пра тое, як рэжым Лукашэнкі распраўляецца са сваімі апанентамі. Я ведаю, пра што я кажу, бо я сама сядзела ў турме, і тое, што апісвае Андрэй Алегавіч, гэта мае прачытаць кожны беларус. Яго вачыма прайсці праз яго лёс; прачытаўшы яго кнігу, зразумець, з чым мы сёння маем дачыненне. Не памятаю дакладна, але нехта з праваабаронцаў сказаў, што гэтую кнігу мае прачытаць кожны заходні палітык, каб зразумець, хто такі Лукашэнка і што ніякія дыялогі, якія сёння чарговы раз Захад спрабуе весці з гэтым чалавекам, ні да чаго не давядуць, бо мы маем справу з чалавекам, які маніякальна чапляецца за ўладу і ні перад чым не спыніцца, калі гэтай уладзе будзе нешта пагражаць.

РР:  Прэзентацыя прымеркавана да 20-х угодкаў дзяржаўнага перавароту ў Беларусі (калі быць дакладным, гэта здарылася ў канцы лістапада 1996 года), і акурат тады паўстаў выклік уладзе – “Хартыя-97” як аналогія да “Хартыі-77” у Чэхаславаччыне. Цяпер ужо мала хто памятае, што гэта была за ініцыятыва.

Наталля Радзіна: Ініцыятыва была створана праз год пасля незаконнага рэферэндуму,  а фактычна дзяржаўнага перавароту. Асноўным штуршком да яе стварэння сталіся рэпрэсіі супраць журналістаў. Нагадаю, што ў той самы час на беларуска-літоўскай мяжы былі арыштаваны Павел Шарамет і аператар ОРТ Дзмітры Завадскі, было закрыта “Радыё 101,2”, пачалі закрываць незалежныя рэгіянальныя тэлевізійныя студыі, усё тэлебачанне перайшло ў рукі дзяржавы. Таму “Хартыю-97” стварылі перадусім як адказ на рэпрэсіі супраць гэтых журналістаў. Яе падпісала больш за 100 тысячаў чалавек, у тым ліку ўсе вядучыя дэмакратычныя палітыкі, былыя дыпламаты, праваабаронцы, журналісты, аналітыкі, творчыя людзі. Ля вытокаў стаялі Андрэй Саннікаў, Станіслаў Шушкевіч, Віктар Івашкевіч, Дзмітры Бандарэнка, Уладзімір Мацкевіч і многія іншыя вядомыя беларусы.

РР: Многія з гэтых беларусаў, якія сталі ў абарону правоў чалавека, самі пасля зазналі страшэнныя рэпрэсіі, трапілі  ў турэмныя камеры.

Наталля Радзіна: Менавіта таму, што самі адчулі на сабе гэтыя рэпрэсіі, яны і стварылі гэтую ініцыятыву, і ў выніку многія з іх пацярпелі. Віктара Івашкевіча ўжо з намі няма, ён прайшоў праз многія турмы, таму яго здароўе сур’ёзна пахіснулася.

Вядома, гэта быў адказ на рэпрэсіі, і адной з прычын стварэння “Хартыі-97” стала разуменне неабходнасці дапамагаць рэпрэсаваным. Нагадаю, што перад тым дапамога рэпрэсаваным аказвалася паводле такой прыкметы: партыя, арганізацыя дапамагала сябрам сваёй партыі і арганізацыі. А “Хартыя-97” зразумела, што трэба дапамагаць усім, незалежна ад таго, ці ёсць чалавек сябрам нейкай партыі ці не. Праводзіліся кампаніі падтрымкі рэпрэсаваных, міжнародныя кампаніі салідарнасці, аказвалася фінансавая дапамога, падтрымліваліся сем’і рэпрэсаваных.

РР: Цяпер “Хартыя-97” – гэта перадусім сайт, сродак масавай інфармацыі. Ці гэта таксама разглядаецца як спосаб падтрымкі рэпрэсаваных, беларускай узаемапомачы?

Наталля Радзіна: Натуральна. Вядома, на гэта скіравана ўся наша праца. Спачатку “Хартыя-97” была створана як карпаратыўны сайт, але потым гэта стаў буйны незалежны партал, які на сёння з’яўляецца  адным з найбольш папулярных незалежных інтэрнэт-рэсурсаў. Сёння мы вымушаны працаваць у эміграцыі, але ўся наша праца скіравана на тое, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі і працягнуць працу там.

РР: У свой час тыя, хто стаяў ля вытокаў чэхаславацкай “Хартыі-77”, праз 11 гадоў сталі на чале дзяржавы, перадусім маю на ўвазе прэзідэнта Вацлава Гавэла. Вы самі зазначылі, што беларускія дзеячы прайшлі праз турму і былі вымушаны выехаць у эміграцыю. Ці разлічваеце на тое, што ў беларускай сітуацыі праявіцца нейкі аптымістычны сцэнар?

Наталля Радзіна: Безумоўна. Вы зноўку ўзгадалі “Хартыю-77”. Вядома, яна была для нас маральным прыкладам пры стварэнні “Хартыі-97”. Нагадаю, што “Хартыя-97” стваралася яшчэ для таго, каб аб’яднаць апазіцыю, бо ўжо тады было разуменне, што трэба аб’ядноўвацца, і калі магчыма – дзейнічаць пад агульным брэндам. Тады апазіцыя была аб’яднана. Цяпер, пасля 22 гадоў дыктатуры, у нас новая сітуацыя, і мне падаецца, яна вельмі дынамічная. У цяперашняй сітуацыі гэтага вельмі глыбокага эканамічнага крызісу, выкліканага перадусім палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, я думаю, што перамены ў Беларусі магчымы. Цяпер мы перажываем “дараспад” Савецкага Саюза, пра гэта акурат гаварылі відавочцы тых падзеяў: Станіслаў Шушкевіч, Генадзі Бурбуліс, былы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук. І Беларусь зноў мае шанец. Не толькі захаваць незалежнасць сваёй краіны, але і ўсё ж такі зрабіць Беларусь свабоднай.

Адначасова з прэзентацыяй кнігі Андрэя Саннікава ў Польскім тэатры адбудзецца дыскусія наконт перспектываў Беларусі ў 2017 годзе. Разам з лідарам грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” магчымыя сцэнары развіцця падзеяў у нашай краіне абмяркуюць першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, дзеяч польскай меншасці і журналіст Анджэй Пачобут, а таксама дырэктар “Белсата” Агнешка Рамашэўска-Гузы. Сустрэча адбудзецца 12 снежня а 18:00 на Камеральнай сцэне Польскага Тэатра ў Варшаве.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belprauda.org