Колькі будуць працягвацца пратэсты?



«Мы не хочам людзей стамляць акцыямі», — кажа палітык Мікалай Статкевіч.

У бліжэйшую нядзелю, 26 лютага, працягнуцца акцыі пратэсту супраць Дэкрэта аб «дармаедах». Гэтым разам пратэставаць збіраюцца ў Віцебску, Баранавічах, Бабруйску.

Мікалай Статкевіч: Мы не хочам людзей стамляць акцыямі, таму што маем досвед, калі працяглыя пратэсты могуць прывесці да таго, што народ зняверыцца. Лічым, што акцыі павінны адбывацца не вельмі рэдка, але і не вельмі часта. І павінны добра рыхтавацца. Зараз, напрыклад, ідзе падрыхтоўка да акцыі 25 сакавіка, і мы разумеем, што нам будуць замінаць. Прыклады такому ўжо ёсць. Але ж настроены рашуча і бачым, што людзі таксама разумеюць, што іх завялі ўжо ў поўны тупік і нешта трэба рабіць.

РР: 15 сакавіка некаторыя апазіцыйныя структуры таксама правядуць марш за адмену дэкрэта аб “дармаедах”.

Мікалай Статкевіч: Думаем, што гэтая акцыя нам не перашкодзіць, таму падрыхтоўка да 25 сакавіка ідзе па плане. А 26 сакавіка мы плануем акцыі ў рэгіёнах. Калі ж нашы пратэсты не дапамогуць вырашыць праблему з дэкрэтам, то наступныя акцыі будуць мець ужо больш працяглы сцэнар. Чакаем, калі на вуліцы пацяплее.

РР: Як вы ацэнтваеце пратэсты ў рэгіёнах?

Мікалай Статкевіч: У буйных гарадах краіны трэба, каб прайшла хаця б адна акцыя. Трэба паказаць, што ёсць сіла. Але, напрыклад, у Віцебску міліцыя аказала ціск на рэгіянальнага лідара Беларускага народнага кангрэса, і мы там марш не рыхтавалі. Але там, дзе людзі самі вырашылі згуртавацца і выказаць пратэст, то маюць на гэта права. У той жа час праводзіць частыя акцыі не варта. Прыклад таму – «маўклівыя акцыі» пратэста ў 2011 годзе. Дарэчы, некаторыя апазіцыйныя дзеячы пасля Плошчы-2010 казалі: «Народ запалоханы…» Гэта напалохалі пэўную купку партыйных кіраўнікоў, якія зараз адмаўляюцца ад кансалідацыі, а не народ. І людзі праз паўгода самі выйшлі на вуліцу. Праўда, не было каму кіраваць імі, а таму пара выйшла праз мноства маленькіх дзірачак. Улада ўжывала кропкавыя рэпрэсіі, і хвалю збіла. Трэба, каб сітуацыя не паўтарылася. Тым больш, і кіраваць пратэстоўцамі зараз ёсць каму.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя