Актывістаў «Альтэрнатывы» пакаралі на 10 сутак



Затрыманыя 2 ліпеня лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан і актывіст Уладзь Сяргееў асуджаныя судом Партызанскага раёну Менску на 10 сутак арышту кожны. Пра гэта паведаміў адзін з кіраўнікоў «Альтэрнатывы» Ільля Дабратвор.

Хутчэй за ўсё 2 ліпеня ўначы іх судзілі, а нам сёння на Акрэсцна паведамілі, што іх асудзілі на 10 сутак кожнага. Заўтра мы пдануем перадаць ім перадачку, зараз займаемся гэтай справай.

 Алега Корбана і Уладзя Сяргеева супрацоўнікі міліцыі забралі з кватэры і адвезлі ў Партызанскі РУУС. Паводле Іллі Дабратвора, іх маглі затрымаць за расцяжку «За Незалежную Беларусь», якая нядаўна з’явілася ў мэтро. Яна вісела каля 30 хвілін, пакуль яе не знялі міліцыянты.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 Затрыманых напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасці актывістаў будуць судзіць. Алег Корбан, кіраўнік моладзевай платформы «Альтэрнатыва», затрыманы менскай міліцыяй за акцыю з расцяжкай «За незалежную Беларусь!», якая нядаўна з’явілася ў метро. Суда чакаюць таксама Уладзімір Сяргееў з «Альтэрнатывы» ды Антон Жылко, расказвае праваабаронца Наста Лойка:

– Наколькі я ведаю, іх не выпускалі. Яны зараз знаходзяцца ў ізалятары і чакаюць суда.

Пакуль вядома толькі, што затрыманых і змешчаных у ізалятар актывістаў будуць судзіць у панядзелак.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Менску міліцыя затрымлівае актывістаў маладзёвай арганізацыі „Альтэрнатыва”. Затрыманы яе старшыня Алег Корбан. Па словах аднаго з кіраўнікоў арганізацыі Іллі Дабратвора, Корбана затрымалі ў доме яго бацькоў.

Ілля Дабратвор:

– Ён прыехаў да бацькоў на адрас, па якому ён прапісаны, там яго і затрымалі. Дзверы ламалі, ён вырашыў адчыніць дзверы, каб не зламалі. Ён знаходзіцца ў Партызанскім РАУСе. Але на дадзены момант якія абвінавачванні яму прад’явяць – невядома. Гэта звязана з мінулымі акцыямі – калі з’явіліся расцяжкі ў метро. Прычым, самае цікавае, за расцяжку “За незалежную Беларусь” будуць судзіць у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

„Гэтая ўлада паказала, як яна ставіцца да незалежнасці краіны. Людзі, якія шануюць і абараняюць незалежнасць, аказваюцца за кратамі”, – сказаў Ілля Дабратвор.

Прыкладна а 21-й гадзіне па менскім часе міліцыя прыйшла дахаты да яшчэ аднаго з кіраўнікоў „Альтэрнатывы” – Уладзіміра Сяргеява. Ён таксама затрыманы.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя