Кошт бяспекі на віцебскіх выбарчых участках – 45 рублёў



Віцебская абласная выбарчая камісія зацвердзіла размеркаванне сродкаў на эпідэміялагічную бяспеку.

Гэтыя грошы з’явіліся праз колькаснае скарачэнне ўчастковых камісій – за кошт таго, што там паменшала чальцоў, якім неабходна было плаціць за ўдзел у працы камісіі.

Пра размеркаванне гэтых сродкаў распавёў чалец абласной выбарчай камісіі Канстанцін Смолікаў:

-Цэнтральная выбарчая камісія размеркавала сродкі, і па Віцебскай вобласці гэта 34 тасячы рублёў. Фактычна, кожная ўчастковая камісія атрымае каля 45 рублёў. Я так думаю, што будзе нейкая інструкцыя, на што можна выкарыстаць гэтыя грошы.

Канстанцін Смолікаў мяркуе, што грошы пойдуць на набыццё сродкаў для дэзінфекцыі, пальчаткі і аднаразовыя маскі для чальцоў участковых камісій.

Былая каардынатарка кампаніі “ByCovid19-помощь врачам Беларуси” Ірына Траццякова лічыць, што 45 рублёў – гэта зусім мізэрныя сродкі:

-Тры з паловай месяцы займаючыся пастаўкамі і ведаючы кошты, я магу сказаць, што 6-літравая бутэлька “Алмадэза” каштуе каля 50-ці рублёў. Наконт масак: у камісіі ад 13 да 15 чалавек, і маску трэба мяняць кожныя 2 гадзіны… Гэта смешныя грошы! Дзяржава, ужо прынізіўшы лекараў, пачынае прыніжаць чальцоў выбарчых камісій, самых сваіх адданых, правераных і нязменных!

Праз скарачэнне колькасці чальцоў участковых камісій у іх не трапілі перадусім апазіцыйныя актывісты. І менавіта сродкі, якімі мусіла б аплочвацца іх праца на карысць чэсных і справядлівых выбараў, цяпер пойдуць на пальчаткі і маскі для тых, каго ў камісіі зацвердзілі як самых надзейных у выбарчым працэсе асобаў.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск