Кошт шэнгенскіх віз бліжэйшым часам можа знізіцца да 35 еўра



Кошт шэнгенскіх віз для грамадзян Беларусі можа знізіцца да 35 еўра ўжо найбліжэйшым часам. Гэта вынікае з інтэрв’ю начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бегуна інтэрнэт-тэлебачанню sb.by.

Ён, у прыватнасці, паведаміў, што падпісанне дакументаў з ЕЗ аб узаемным спрашчэнні візавага рэжыму знаходзіцца на завяршальнай стадыі. „Гэта не вельмі простае пытанне, — падкрэсліў Бягун. — Мы не першы год вядзем кансультацыі і перамовы з Еўрапейскім саюзам па аблягчэнні візавых фармальнасцяў. Наш дыялог то аднаўляўся, то прыпыняўся. У цяперашні час мы знаходзімся на завяршальным этапе. Мы практычна, за выключэннем некаторых няўзгодненых пытанняў, завяршылі кансультацыі з Еўразвязам па спрашчэнні візавых фармальнасцяў. Дакументы практычна гатовыя да парафіявання і падпісання”.

Паводле слоў Бегуна, у чэрвені чакаецца візіт у Беларусь экспертаў ЕЗ. „Мы практычна завершым перамовы, здолеем адстаяць пазіцыі, якія прапаноўвалі ў межах пагадненняў аб рэадмісіі і аблягчэння паездак грамадзян Беларусі. Калі ўсё будзе нармальна, то, магчыма, ужо з наступнага года абодва пагадненні пачнуць прымяняцца, — сказаў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі. — Пагадненне будзе рэгламентаваць парадак атрымання доўгатэрміновых віз, вызначыць катэгорыі беларусаў, якія будуць мець права на гэта. Хутчэй за ўсё, зменшыць кошт шэнгенскай візы да 35 еўра. Рэгламентуе дзейнасць візавых цэнтраў, пералік дакументаў і зробіць працэдуру адмовы ў выдачы візы зразумелай і празрыстай. Важны момант — увядзенне трохгадовых і пяцігадовых віз, таму што зараз не ўсе пасольствы іх выдаюць, і — з-за вельмі спецыфічнай нагоды”.

БелаПАН