Краіны Балтыі і Польшча выступілі за ўзмацненне прысутнасці НАТА ў рэгіёне



Міністры замежных спраў Польшчы, Латвіі, Літвы і Эстоніі – Збігнеў Раў, Эдгарс Рынкевічс, Габрыэліус Ландсбергіс і Эва-Марыя Ліймец – выказаліся ў пятніцу ў Рызе за павелічэнне сіл NATO ў рэгіёне ў сувязі са змяненнем сітуацыі ў сферы бяспекі.

29 красавіка міністр Збігнеў Раў сустрэўся з кіраўнікамі дыпламатыі Эстоніі – міністрам Эвай Марыяй Ліймец, Літвы – міністрам Габрыэліюсам Ландсбергісам і Латвіі – міністрам Эдгарсам Рынкевічсам.

Міністры абмеркавалі магчымасці далейшага падвышэння прыхільнасці міжнароднай супольнасці для падтрымкі Украіны, каб яна змагла перамагчы ў вайне, выкліканай Расеяй.

У гэтым кантэксце абмяркоўвалася пастаўка Украіне ўзбраення і ваеннай тэхнікі, далейшае ўзмацненне санкцый супраць Расеі, барацьба з расейскім уплывам у еўрапейскіх краінах, доўгатэрміновая падтрымка Украіны. Міністры пацвердзілі жаданне актывізаваць кантакты і супрацоўніцтва паміж Польшчай і краінамі Балтыі ў рамках Еўразвяза і НАТА.

Міністры абмеркавалі падрыхтоўку да сёлетняга саміту NATO ў Мадрыдзе. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на неабходнасць узмацнення палітыкі стрымлівання і абароны, у тым ліку ваеннай прысутнасці на ўсходнім флангу альянсу.

Фота: twitter.com/Latvian_MFA