Краіны Вышаградскай групы заклікалі Беларусь паглыбляць адносіны з Еўразвязам



Кіраўнікі МЗС краін Вышаградскай групы (Венгрыя, Славакія, Польшча, Чэхія) спадзяюцца на аднаўленне і канчатковае завяршэнне перамоў аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Еўразвязам і Беларуссю. Пра гэта гаворыцца ў іх сумеснай заяве паводле вынікаў сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградскай групы і Усходняга партнёрства 31 жніўня ў Будапешце.

У заяве яны таксама вітаюць падпісанне партнёрства аб мабільнасці паміж Беларуссю і ЕЗ, што адбылося ў кастрычніку мінулага года.

У сумеснай дэкларацыі вітаецца гатоўнасць Беларусі паглыбляць адносіны з Еўразвязам. Кіраўнікі МЗС Вышаградскай групы заклікалі ЕЗ і Беларусь „як мага хутчэй пачаць перамовы”, скіраваныя на падпісанне рамачнага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве.

Беларусь і Еўразвяз ужо некалькі гадоў вядуць перамовы па пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

22 чэрвеня кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей, каментуючы журналістам вынікі чарговага раўнда перамоў, заявіў, што ў бакоў „няма ніякіх прынцыповых, радыкальных рознагалоссяў”.

Паводле слоў міністра, ёсць некаторыя тэхнічныя моманты, якія бакі яшчэ павінны ўрэгуляваць. „Яны знаходзяцца на стадыі перамоў. Падчас перамоў мы зблізім нашы пазіцыі Мы зацікаўленыя ў тым, каб дасягнуць пагаднення па гэтых усіх акрэсленых тэмах. І я бачу зацікаўленасць і з боку нашых еўрапейскіх партнёраў”, — сказаў Макей.

Раней начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў, што падчас перамоў бакі ў цэлым ўзгаднілі праект пагаднення аб рэадмісіі. „У ім захаванае палажэнне аб пераходным перыядзе, на працягу якога Беларусь не будзе прымаць грамадзян трэціх дзяржаў або асоб без грамадзянства, якія падлягаюць рэадмісіі. Гэты час неабходны для наладжвання механізмаў працы з такой катэгорыяй асоб, а таксама стварэння ў рэспубліцы адпаведнай інфраструктуры”, — сказаў Бягун.

Гаворка ідзе пра арганізацыю цэнтраў часовага ўтрымання незаконных мігрантаў, запланаванай праектам міжнароднай тэхнічнай дапамогі на 2017—2022 гады. Для гэтых мэтаў ЕЗ выдзяляе Беларусі 7 млн еўра. Фінансаванне ажыццяўляецца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства на падставе адпаведнага фінансавага пагаднення паміж МУС Беларусі, Еўракамісіяй і прадстаўніцтвам Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў Беларусі.

Тэрмін пераходнага перыяду пакуль не называюць. Ёсць інфармацыя, што ён будзе меншы за тры гады, якія даваліся, напрыклад, Расеі і Украіне.

Пагадненне аб рэадмісіі павінна быць падпісанае ў пакеце з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму, прычым асноўныя перамовы Беларусі з ЕЗ тычацца менавіта рэадмісіі.

Прадстаўнікі ЕЗ вынікі перамоў у Менску не каментавалі.

Што да рамачнага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве, то пачатак перамоў па гэтым пытанні ЕЗ звязвае з паляпшэннем сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку ў сферы выканання правоў чалавека.

БелаПАН