Купчына: Аднаўленне даверу магчыма толькі шляхам дыялогу



АБСЕ можа і павінна служыць пляцоўкай дээскалацыі і палітычнага ўрэгулявання канфліктаў.

regxbyf

Пра гэта заявіла 12 студзеня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Алена Купчына на спецыяльным пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ ў Вене, паведамілі БЕЛТА ў беларускім пасольстве ў Аўстрыі.

Алена Купчына нагадала, што падыходы Беларусі да ўмацавання сістэмы агульнаеўрапейскай бяспекі і развіцця супрацоўніцтва ў рэгіёне АБСЕ былі прадстаўлены міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем у снежні 2016 года на СМЗС у Гамбургу. Беларускі пастаянны прадстаўнік зрабіла акцэнт на некалькіх момантах. Так, Беларусь лічыць фундаментальную адсутнасць даверу адным з ключавых выклікаў, што стаяць перад АБСЕ. „Аб гэтым ужо не першы год гаворыцца ў сценах арганізацыі, але сітуацыя толькі пагаршаецца, – канстатавала яна. – Аднаўленне даверу магчыма толькі шляхам дыялогу і сумеснай дзейнасці. Мы поўнасцю згодны з тым, што АБСЕ можа і павінна служыць пляцоўкай для дээскалацыі і ўстойлівага палітычнага ўрэгулявання канфліктаў, пераадолення рознагалоссяў паміж дзяржавамі-ўдзельніцамі, барацьбы з агульнымі выклікамі і пагрозамі бяспекі”.

„Беларусь цалкам падтрымлівае дзейнасць трохбаковай кантактнай групы і спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне і гатова са свайго боку і далей аказваць усё неабходнае садзейнічанне мінскаму мірнаму працэсу ў мэтах хутчэйшага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе”, – падкрэсліла Алена Купчына.

Неадкладнага аб’яднання намаганняў дзяржаў – удзельніц АБСЕ патрабуюць барацьба з тэрарызмам і прадухіленне радыкалізацыі, асабліва сярод моладзі, процідзеянне іншым сучасным выклікам і пагрозам, такім як наркатрафік, гандаль людзьмі або нелегальная міграцыя. „У арганізацыі ёсць значны пазітыўны патэнцыял у названых сферах, які неабходна і далей прымнажаць”, – упэўнена пастаянны прадстаўнік Беларусі.

„Мы заўсёды зыходзілі і зыходзім з таго, што роўная і непадзельная бяспека не можа быць дасягнута накачваннем „ваенных мускулаў”. Забяспечваць прадказальнасць і транспарэнтнасць у ваеннай сферы і ўмацоўваць бяспеку дзяржаў-удзельніц – задача механізмаў кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі і мер умацавання даверу і бяспекі, якім трэба вярнуць жыццяздольнасць і актуальнасць”, – дадала Алена Купчына. Беларускі бок згодны з неабходнасцю змястоўнага дыялогу па тэме кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі, які павінен мець інклюзіўны характар.

Ключавое значэнне мае ўмацаванне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва на прасторы АБСЕ ў эканамічнай сферы. У сувязі з гэтым Беларусь вітае намер аўстрыйскага старшынства ў АБСЕ сфакусіраваць увагу на пытаннях узаемазвязанасці ў развіццё адпаведнага рашэння Гамбургскага СМЗС. „Разлічваем на канструктыўнае ўзаемадзеянне з аўстрыйскім бокам па гэтай праблематыцы, у тым ліку ў кантэксце старшынства Беларусі ў Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве”, – сказала Алена Купчына.

belta.by