Лагвінец падаў дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання „Дзея”



У Міністэрства юстыцыі Беларусі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Дзея”, паведаміў БелаПАН адзін з яго лідараў, палітык і грамадскі актывіст Алесь Лагвінец.

Паводле яго слоў, аб’яднанне мае намер займацца даследаваннем сітуацыі „з правамі і свабодамі чалавека, зафіксаванымі ў Канстытуцыі Беларусі, а таксама міжнародных і еўрапейскіх дакументах у галіне правоў чалавека”.

Задачамі арганізацыі, у адпаведнасці са статутам, з’яўляюцца: садзейнічанне пабудове грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, зацвярджэнню прынцыпаў свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі; стварэнне неабходных умоў для асветы грамадзян Беларусі ў галіне абароны і прасоўвання правоў чалавека; садзейнічанне забеспячэнню незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, павышэнню яе міжнароднага аўтарытэту як дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Аб’яднаннем будзе кіраваць калегіяльны орган — савет з дзевяці чалавек.

Ва ўстаноўчым сходзе арганізацыі 20 мая ўзялі ўдзел 55 чалавек. „Шанцы на рэгістрацыю аб’яднання ёсць. Але правёўшы ўстаноўчы сход, мы ўжо маем суб’ектнасць. Галоўнае, мы стварылі арганізацыю, каб рухацца наперад, а не азірацца назад”, — сказаў Лагвінец.

У пачатку сакавіка Лагвінец выйшаў са складу праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання „Рух „За Свабоду”. Каментаваць прычыны палітык не стаў, адзначыўшы, што плануе займацца тым жа, чым і раней, але” з большай эфектыўнасцю: адукацыяй, дапамогай людзям, рашэннем мясцовых праблем, працай з моладдзю”.

На справаздачна-выбарнай канферэнцыі руху „За Свабоду” 16 кастрычніка 2016 года Лагвінец разам з Юрыем Губарэвічем вылучаўся на пасаду кіраўніка арганізацыі, аднак паводле вынікаў галасавання прайграў. Лагвінцу прапаноўвалі заняць пасаду першага намесніка старшыні руху, але ён адмовіўся, пагадзіўшыся ўвайсці ў савет арганізацыі і, як ён заяўляў раней, заняцца праблемамі менскай гарадской арганізацыі.

Падчас парламенцкіх выбараў 2016 года Лагвінца не зарэгістравалі ў якасці кандыдата ў сталічнай Сухараўскай акрузе, аднак ён быў актыўным назіральнікам на ўчастку, дзе выбарчую камісію ўзначальваў вядомы бізнесмен Павел Тапузідзіс.

Даведка: Алесь Лагвінец нарадзіўся ў 1972 годзе. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці „міжнародныя адносіны” (1995), магістратуру ва ўніверсітэце Рабера Шумана ў Францыі (1999), польскую дыпламатычную акадэмію (2005). Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце (валодае англійскай, французскай і польскай мовамі), выкладчыкам у ЕГУ. У рамках Беларускага калегіума выкладае курс пра інтэграцыйныя працэсы і інстытуты ЕС. З 2012 года быў намеснікам старшыні руху „За Свабоду”. Жанаты, у яго двое дзяцей.

БелаПАН